Паплаўская: Запатрабую, каб суд забараніў Мартысевіч набліжацца да мяне!

9 сакавіка ў кнігарні “Ў” кампанія беларускіх літаратараў збіралася святкаваць заручыны паэткі і перакладчыцы, намесніцы старшыні ПЭН-цэнтра Марыйкі Мартысевіч з празаікам і перакладчыкам Паўлам Касцюкевічам. Свята сапсавала Ася Паплаўская — літаратурная аглядальніца, якая ў той вечар выпадкова зайшла ў кнігарню.

“Я не сачу за прыватным жыццём Марыйкі Мартысевіч, — распавяла Еўрарадыё Ася. — І пра тое, што там будзе нейкая вечарына, не ведала не толькі я, але і літаратары, з якімі я туды ішла”.


Ася Паплаўская (Фота: asia-paplausk.livejournal.com)

Але Марыйцы падалося іначай. Чорная котка прабегла паміж дзяўчатамі гады з два таму. Паводле Асі — праз рознае стаўленне да творчасці маладых беларускіх пісьменнікаў. Паводле Марыйкі — праз разыходжанне ў поглядах на творчасць Уладзіміра Арлова. Карацей, наконт прычынаў спрэчкі яснасці няма. Можна сказаць толькі, што ўзнікла яна не праз непаразуменні з мужчынамі, як гэта звычайна бывае, а на самай што ні на ёсць літаратурнай глебе. А вось яе наступствы 9 сакавіка былі нечаканымі: Марыйка Мартысевіч, пабачыўшы на сваёй вясельнай вечарынцы Асю Паплаўскую, накінулася на яе з кулакамі.

Марыйка Мартысевіч (фота: Радыё "Свабода")

Публіцыст і перакладчык Ігар Жалткоў адразу кінуўся расчапляць літаратарак: “Мы проста стаялі і размаўлялі. Нават ужо не ў кнігарні, а насупраць прыбіральні, бо збіраліся туды, а пасля хацелі зайсці ў кавярню “Малако”, да яе якраз вядуць дзверы адтуль. Але выскачыла Марыйка і з крыкам учапілася ў валасы Асі, адначасова спрабуючы біць нагамі. Я, паколькі знаходзіўся там, адразу ж кінуўся расчапляць. Але атрымалася гэта зрабіць толькі тады, калі далучыўся Павел Касцюкевіч. Ужо тады ён адцягнуў Марыйку і зачыніў яе ў мужчынскай прыбіральні”.

“Двойчы папрасіла Асю выйсці — не выходзіць. На трэці раз я Асю выцягнула за валасы”, — патлумачыла для сяброў у “Жывым журнале” свае паводзіны Мартысевіч. Ігар Жалткоў, дарэчы, Марыйку “расфрэндзіў”. Каментаваць тое, што адбылося, яна адмовілася. Нават для Еўрарадыё не зрабіла выключэння.

Сведкі бойкі былі ў шоку. “Гэта публічнае месца, кнігарня. Я, напрыклад, прыйшоў туды, кніжкі прынёс. Там было шмат наведвальнікаў, якія нешта куплялі. А Ася знаходзілася нават не ў кнігарні. Яна была на нейтральнай тэрыторыі, на тэрыторыі галерэі”, — распавёў Зміцер Вішнёў з выдавецтва “Галіяфы”.

“Я была ў міліцыі, — дадала Ася. — Напісала заяву. І літаральна толькі што [10 сакавіка, 14:30. — Заўв. Еўрарадыё] вярнулася з медыцынскай экспертызы. Мне паставілі сярэднюю ступень цяжкасці фізічных пашкоджанняў”.

У судзе Ася хоча запатрабаваць ад Марыйкі не грошай і не прабачэнняў:

“Я буду патрабаваць у судзе, каб Марыйка не мела права набліжацца да мяне бліжэй чым на 100 ці колькі яшчэ метраў. А яшчэ лепей, каб яна не мела права знаходзіцца са мной у адным памяшканні. То бок, калі я прыходжу на вечарыну — Марыйка ўстае і адтуль сыходзіць. Таму што гэта будзе пастанова суда. Таксама я буду патрабаваць, каб суд прызначыў ёй прымусовую экспертызу псіхічнага характару”.

Такім чынам, справа рызыкуе прыняць сур’ёзны кірунак. Марыйка Мартысевіч часта з’яўляецца не проста наведвальніцай, але і ўдзельніцай літаратурных імпрэзаў. Калі патрабаванні Асі Паплаўскай будуць задаволеныя — яна можа часткова страціць магчымасць выступаць.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі