Паперу для этыкетак на пладовае віно набываюць за мяжой

"Святочнае бурштынавае", "Лістапад", "Сонечная дубрава", "Экспромт", "Яблычна-сунічнае" — гэтыя пладовыя напоі падняліся ў кошце рублёў на 200. На фоне татальнага павышэння коштаў на розныя прадукты гэта выглядае неяк дзіўна.


Нягледзячы на падаражанне цукру і спірту, кошт чарніла вырас нязначна. І пакупніцкая здольнасць аматараў таннага і "смачнага" віна амаль не знізілася, у адрозненне ад аматараў пакушаць памідораў і выпіць “Баржомі”, якое цяпер стала даражэй за “Есентукі”. У краме на Маркса як набывалі скрыню “чарніла” за дзень, так і набываюць зараз.


"Бутэлек 20 за дзень прадаем. Звычайна рабочыя бяруць. С кожным прывозам яно даражэе рублёў на 200".


На вінзаводзе "Колас" у дзень вырабляюць 20 тысяч літраў пладовага віна. Пакуль яно каштуе як раней, але ў бліжэйшы час прагназуюць падвышэнне цаны працэнтаў на 10, таму што паперу для этыкетак закупляюць за мяжой.


"Мы падымаем паціху кошты, як даражэе ўсё. І на каўпачок кошт вырас, і на этыкеткі, бо ў нас паперы на этыкеткі ў рэспубліцы няма".


На бабруйскім вінзаводзе пакуль кошты старыя. Праз 3 тыдні, магчыма, будзе павышэнне.


"У вінаматэрыяле цукар яшчэ леташні. Калі мы перапрацоўваем ягады, тады задаем вялікую колькасць цукру. Сама аснова яшчэ ідзе са старым цукрам. А той, на які паднялі кошт, — мы яго закупілі, дапусцім, учора, а віно з яго будзе толькі праз 3 тыдні".


Акцыз на ардынарныя пладовыя віны ў 2 разы большы, чым на палепшаныя. Праўда, самі вытворцы прызнаюцца, што асаблівай розніцы ў іх няма і склад у іх аднолькавы.


"Ёсць віны ардынарныя, ёсць палепшанай якасці — і стаўка акцызнага падатку там адрозніваецца ў 2 разы. На ардынарным віне бутэлькі 0,5 акцызны падатак складае 540 рублёў, а палепшанай якасці і спецтэхналогіі — 262 рублі".


У кошце гарэлкі амаль 4,5 тысячы рублёў — гэта акцыз, і яго яшчэ будуць павышаць. Такі ж аб'ём 18-градуснага віна мае акцызу на 262 рублі.


Самае таннае пладовае віно цяпер можна набыць меней чым за 3 тысячы. Пры гэтым каля 30 працэнтаў кошту — гэта нацэнка крамы. Адпускная цана на віно палепшанай якасці бабруйскай вытворчасці складае каля 2 тысяч.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі