Памыць звонку Нацыянальную бібліятэку каштуе як набыць Статут ВКЛ

130422_savich_biblio_1.mp3

Нацыянальная бібліятэка на сайце дзяржзакупак набывае паслуг і тавараў амаль на 7 мільярдаў рублёў. Памыць шкло ці праверыць стан халадзільнай устаноўкі — усё аплачваецца з рэспубліканскай кішэні.

Адно толькі мыццё вокнаў звонку каштуе амаль як Статут ВКЛ — 400 мільёнаў рублёў! 

“Гэта нятаннае задавальненне, гэта вельмі дарагія работы, працуюць спецыяльныя людзі”, — кажуць у Нацыянальнай бібліятэцы. 

У фірме, якая займаецца мыццём вокнаў на высокіх і складаных аб’ектах  і неаднаразова мыла Нацыянальную бібліятэку, кажуць, што справа складаная:

“Няма дзе зачапіцца, каб памыць. Раней гэта быў вельмі складаны аб’ект, але зараз мы прызвычаіліся”.

Памыць зараз такі вялізны будынак нават за тыдзень  немагчыма — мыюць раз на год цягам некалькіх месяцаў.

“Вельмі залежым ад надвор’я. У спёку не мыем, у дождж таксама. Фасад мыем некалькі разоў, а ззаду — не. Працуе брыгада ў 30 чалавек”, — адкрываюць сакрэты ў “Чыстым свеце” і кажуць, што 400 мільёнаў — адэкватны кошт, можна было б і даражэй.

Як даведалася Еўрарадыё, бібліятэку прыбіраюць больш за сто чалавек. Адных мыйных сродкаў на год закупляюць на 56 мільёнаў рублёў:

“Каля 112 прыбіральшчыц толькі знутры, 14 дворнікаў”, — падлічваюць колькасць толькі прыбіральшчыц у Нацыянальнай бібліятэцы. Да прыкладу, бібліятэкараў у Нацыянальнай бібліятэцы каля 700-800 чалавек. Прыбіральшчыца атрымлівае прыкладна 1,7 мільёна рублёў.

Маё ўражанне, што Нацыянальная бібліятэка — нятанная цацка, паўтараюць і самі супрацоўнікі ўстановы. Я абураюся, бо, да прыкладу, ксеракопія ў бібліятэцы каштуе 500 рублёў за аркуш, а паперу купляюць ажно на 49 мільёнаў рублёў за… рэспубліканскі бюджэт! Атрымліваецца, за ксеракопію мы плацім двойчы?

У "Нацыяналцы" супакойваюць:

"Паперу на платныя паслугі купляем за небюджэтныя грошы, прапануем залы для канферэнцый і іншыя платныя паслугі".

Але вось замена шкла — шэсць трэснутых вокнаў — абыходзіцца беларусам болей чым у 350 мільёнаў рублёў. Страшна ўявіць, што будзе, калі трэсне сотня такіх вокнаў.

Атрымліваецца, беларусы спачатку скідваліся на будаўніцтва бібліятэкі — а яна для нас каштавала больш за 344 мільярды паводле коштаў 2006 года, а цяпер працягваюць падтрымліваць яе ў стане — па 7 мільярдаў штогод.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі