Паліклініка: Многія выклікаюць хуткую дапамогу, каб... выпісаць рэцэпт

120711 Savi4 Leki.mp3

Дзесяць дзён, як у аптэках лекі прадаюцца строга паводле рэцэпту. За продаж таблетак без “паперкі” можна папросту пазбавіцца ліцэнзіі.

Рэцэпты патрэбныя сардэчнікам, жанчынам, якія п'юць кантрацэптывы, пацыентам з нервовымі праблемамі і нават звычайным “прастуднікам” трэба лячыцца антыбіётыкамі. Здавалася б, у паліклініках пачнецца як мінімум канец свету.

Аднак у сталічнай паліклініцы №6 да двух тэрапеўтаў, якія сёння прымаюць, сем пацыентаў: некалькі бабуль, два хлопцы па медкамісіі і пацыенты па бальнічным.

Медработнік установы: "Наведвальнікаў стала больш, гэта заўважна. На вуліцы — лета, а на калідоры паглядзіце, колькі людзей. Канкрэтна па рэцэпты прыходзіць не шмат: максімум на два-тры чалавекі павялічылася плынь. Многія выклікаюць хуткую, каб выпісаць рэцэпт". Трэба ведаць, калі па лекарах хадзіць: толькі ўлетку!

Загадчык тэрапеўтычнага аддзялення мінскай паліклінікі №23 Аляксандр Пятровіч заўважае, што вялікага перапалоху ў паліклініцы не здарылася і гэты ўвесь ажыятаж з рэцэптурным водпускам лекаў штучна разадзьмуты.

"Прынамсі па нашай паліклініцы магу дакладна сказаць: ні разбор талонаў не павялічыўся, ні чэргі. Паднялі шум невядома з-за чаго! Асноўная ж маса лекаў як была паводле рэцэпту, так і засталася!"

Тэлефаную ў дзясятак мінскіх і рэгіянальных паліклінік — адказы амаль аднолькавыя: доўгіх чэргаў і павелічэння колькасці пацыентаў, якія б прыходзілі толькі па рэцэпты, няма.

Калі пакуль плынь жадаючых выпісаць сабе рэцэпт ў тэрапеўтаў не павялічылася, то жыццё жанчынам, якія прымаюць кантрацэптывы, сапраўды ўскладніцца. У сталічных аптэках паволі пачынаюць патрабаваць рэцэпт на пілюлі. Але і тут, як высвятляецца, праблем пакуль няма. Хоць лекары не выключаюць будучы ажыятаж з выпіскай кантрацэптываў.

"У нас лекараў не хапае, і так складана патрапіць да гінеколага. У нас жанчыны "Рэгулон" п'юць, а ён паводле рэцэпту", — кажуць Еўрарадыё ў жаночай кансультацыі Навагрудка.

А вось у Баранавічах жанчыны дагэтуль прымаюць старыя запасы кантрацэптываў.

"Хутчэй за ўсё, пакуль што жанчыны прымаюць старыя запасы кантрацептываў і не ўсё ў курсе, што яны паводле рэцэптаў. Але ажыятаж будзе, я думаю, пазней", — тлумачыць зацішша загадчыца жаночай кансультацыі №2 Людміла Мананнікава.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі