Па транзітнай візе лёгка ў Беларусь уехаць, а з выездам — пытанні

121010_luka6uk_mytnia.mp3

Нечаканасцю стала для жыхара Латвіі тое, што беларускія мытнікі не хочуць… прапускаць яго дадому! Як высветлілася, праблема была не ў 7-дзённай транзітнай візе госця і не ў ім самім, а ў яго аўтамабілі. Бо па нашых законах выязджаць з краіны на адной і той жа машыне без дадатковых афармленняў можна раз на 8 дзён.

“Яны ездзілі ва Украіну праз Беларусь і вярталіся дадому, — распавядае Еўрарадыё беларус Дзяніс, які ехаў разам з латвійцамі да іх у госці. – Дзяжурны, які сядзеў у кабінцы ў Каменным логу, сказаў: “Не прайшло яшчэ 8 дзён, таму – да пабачэння, не магу нават афармляць вас.  Калі ж мы пачалі казаць пра тое, што ж гэта за бязглуздзіца, то нас накіравалі да начальніка разбірацца. А той адразу сказаў, што не можа такія рашэнні прымаць, хоць ён быў старшым змены, маўляў, вяртайцеся ў Ашмяны і там афармляйцеся. Мыту нейкую плаціце за паліва ў баку”.

Дзяніс сцвярджае, што яны былі такія не адзіныя. Наперадзе аналагічныя праблемы ўзніклі і ў кіроўцы-транзітніка на машыне з латвійскімі нумарамі. Пасля больш як гадзіны перамоў гасцям з Латвіі ўдалося дамовіцца з начальнікам змены – напісалі тлумачальныя і ўнеслі ў дэкларацыю, што маюць 15 літраў у баку.

Сапраўды, магчымасць выязджаць на сваім аўто з Беларусі без усялякага мытнага афармлення не часцей аднаго разу за 8 дзён – беларуская мера барацьбы з вывазам бензіну і саляркі. Уведзеная яна была адпаведнай пастановай Саўміна ад 18 лістапада 2011 года. А ўвогуле абмежаванні з’явіліся 11 чэрвеня мінулага года, калі з-за дэвальвацыі наша паліва стала значна танней чым у суседзяў. Тады можна было выязджаць раз на 5 дзён.

Але што ім у такіх выпадках рабіць?

“Звярнуцца да памежных і мытных службаў для таго, каб патлумачыць сітуацыю – прычыну выезду ў такія тэрміны. І далей мытныя і памежныя службы прымуць рашэнне аб яго выпуску – памежная і мытная служба ў асобных выпадках можа прымаць адпаведнае рашэнне”, — тлумачыць Еўрарадыё начальнік прэс-службы Мытнага камітэта Ігар Пяшко.

Няўжо для выезду дастаткова тлумачэнняў і наяўнасці транзітнай візы?

“Калі ў іх будзе мінімальная колькасць паліва – 5-10 літраў, транзітная віза, то прымуць станоўчае рашэнне, — тлумачыць супрацоўніца Ашмянскай мытні. І дадае: “Рашэнне прымаюць непасрэдна ў пункце пропуску”.

Па словах Дзяніса, больш за ўсё ў гэтай сітуацыі кіроўцу-латвійца абурыла тое, што супрацоўнікі беларускага консульства яго не папярэдзілі пра магчымыя праблемы з вяртаннем дадому. З-за тых самых 7 дзён транзітнай візы і 8 дзён – беспраблемнага выезду з нашай краіны.

Супрацоўнікаў беларускага Генконсульства ў Даўгаўпілсе такія абвінавачванні здзіўляюць.

“Двухкратны транзіт на 30 дзён мы даём без усялякіх размоў. Калі чалавек канкрэтна ўказаў, што ён просіць транзіт, да прыкладу, з 1 кастрычніка да 7 кастрычніка, то яму так і прапісалі ў візавай марцы – тое, што ён сам уласнай рукой, падаючы анкету, напісаў у візавым апытанні. Як ён прасіў, так яму і паставілі!”

У Консульстве ўпэўненыя, што госць з Латвіі сам вызначыў, колькі будзе працягвацца яго падарожжа. Яны ж папярэджваць пра ўмовы перасячэння беларускай мяжы не абавязаныя.

Беларускае консульства ў Латвіі: “Калі чалавек робіць запыт на візу, а тут стаіць чарга, падаюцца дакументы, чытаюцца, глядзяцца – у нас да яго пытанняў няма. Калі ў вас ёсць пытанні – спытайце. Мы павінны распытаць: “А колькі? А як? А чым? А чаму?” У цябе ёсць пытанне – задай яго! Для гэтага і існуюць консульскія службы”.

У беларускім консульстве ўпэўненыя: перш, чым ехаць у іншую краіну – вывучы, што там цябе чакае, якія там правілы і законы.

Дарэчы, наконт правілаў перасячэння мяжы на аўтамабілі раз на 8 дзён. Як стала вядома Еўрарадыё, адмяняць “крызісныя” абмежаванні пакуль не плануюць.

Фота: http://fota.bymedia.net/

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі