"Океан Ельзи" стаміў аркестр Анісімава "бісамі"

Святаслаў Вакарчук і "Океан Ельзи" з аншлагам выступілі ў мінскім Палацы спорту ў суправаджэнні Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра пад кіраўніцтвам Аляксандра Анісімава. Канцэрт ладзіўся ў межах Міжнароднага фестывалю Юрыя Башмета.

Квіткі на імпрэзу былі раскупленыя задоўга да пачатку, што для беларускіх прыхільнікаў творчасці "Океана Ельзи" і саміх музыкаў з’ява, хутчэй, натуральная, чым нечаканая. Хоць многія і даволі скептычна ставіліся да “сімфанічнага” гучання гурта: маўляў, музыка "Океана Ельзи" - усё ж больш стадыённы фармат. Лідар гурта Святаслаў Вакарчук развеяў усе сумневы:

"Напрыклад, і ў Крамлі, і тут прыкладна аднолькавая колькасць людзей – каля 5 тысяч. І казаць, што гэта мала, я б не стаў. Узровень пляцоўкі і яе статус, вядома, ж істотныя, але больш істотныя зручнасць і колькасць людзей, якую яна можа змясціць. Нам усё роўна, дзе выступаць! Галоўнае, каб публіцы падабалася, і нам было зручна працаваць для публікі".

Галоўнае пытанне, якое турбавала фанатаў – як можна падрыхтаваць якасную праграму, калі ў кожным горадзе музыкаў сустракае новы аркестр? Святаслаў Вакарчук кажа, што рэпетыцый было ўсяго дзве – за дзень да канцэрта і непасрэдна саўндчэк у дзень выступу.

 “Саўндчэк быў вельмі кароткі і вельмі працоўны. А рэпетыцыя - вельмі цікавая і плённая, мы паспелі шмат зрабіць, так што ўсё добра!”- супакойвае Вакарчук.

 

Праграма з сімфанічным аркестрам складалася ў большасці сваёй з самых вядомых кампазіцый гурта. Былі і песні, якія "Океан Ельзи" вельмі рэдка грае на канцэртах – напрыклад, “Иконы не плачуть” ці “Віддам”. Яшчэ адно адрозненне гэтага канцэрту ад звычайных “рок-н-рольных” выступаў "Океана Ельзи" – вялікая колькасць павольных кампазіцый. Большасць аранжыровак для праграмы напісаў клавішнік "Океана Ельзи" Мілаш Еліч.

“Нешта дараблялася з дапамогай іншых аранжыроўшчыкаў. А дзве аранжыроўкі мы прывезлі спецыяльна з Масквы – аркестр Фелікса Араноўскага іх адаптаваў. Увогуле, большасць песень, якія мы спяваем з аркестрам, і першапачаткова былі запісаныя з класічнымі музыкантамі. Але не з такім вялікім складам – а проста з квартэтам ці струннай групай. Зараз мы ўдасканалілі гэта. І ёсць некаторыя абсалютна арыгінальныя аранжыроўкі. Мы абіралі тое, што, на нашу думку, нам падаецца больш музыкальным, хіба што. Хоць усе песні музыкальныя! Мабыць, больш адэкватныя для аркестра,” – распавёў Вакарчук.

 

 

На сцэне Вакарчук (у адрозненні ад іншых музыкаў гурта) з’явіўся ў класічным касцюме і камізэльцы. Ужо звыкла для канцэртаў "Океана Ельзи" на цэнтральным мікрафоне быў завязаны шалік – на гэты раз шэра-блакітнага колеру. Распачаўся выступ летуценнай “Перша пісня”.

 

 

Ужо пасля другой кампазіцыі – “Мало мені” - Вакарчук зняў пінжак, і пачаў таньчыць. Пасля выйшаў на самы край сцэны пад “Ты собі сама”, а потым і ўвогуле спусціўся на танцпляц, які, дарэчы, нязвыкла для Палацу Спорту, быў застаўлены крэсламі і толькі па баках пляцоўкі можна было танцаваць. Але “дамы ў дыяментах” і іх кавалеры, што пераважна запаўнялі першыя шэрагі партэру, неяк не паддаліся імпульсу музыкі і засталіся на сваіх месцах, праводзячы Вакарчука зачараваным позіркам. Падалося, што так доўга, як у гэты вечар, "Океану Ельзи"яшчэ не даводзілася “разаграваць” сваю публіку.

 

 

Некаторыя кампазіцыі разам з новымі аранжыроўкамі атрымалі і зусім новае гучанне. Так у песень “Друг”, “Холодно”, “Уліца” ды іншых з’явіліся 4-5хвілінныя прэлюдыі, вакальныя распевы і доўгія проігрышы. Часам, гледачы нават не пазнавалі мелодыі і гадалі, якая ж гэта кампазіцыя. Амаль пасля кожнай песні  Вакарчуку неслі кветкі, і нібыта заадно, прасілі аўтограф.

“Непасрэдныя ў вас людзі,” – жартуе Святаслаў са сцэны, але ж у аўтографах нікому не адмаўляе.

“Я хацеў бы, каб вы не забывалі, што вы ўсё ж такі на рок-канцэрце! Хоць і з аркестрам!” – яшчэ раз заклікае танчыць Вакарчук пад гукі “Isn't it сон”. Хоць, трэба адзначыць, гэтым разам і сам музыкант паводзіць сябе больш спакойна, чым звачайна. Нешта яго стрымлівае ад звыклых шалёных танцаў, можа, тая самая камізэлька?

Нарэшце энэргетыка Вакарчука разышлася і па трыбунах падчас “Відчуваю” гледачы ўзняліся са сваіх месцаў і пачалі таньчыць, а Святаслаў зноўку спусціўся ў залу.

 

Яшчэ перад пачаткам імпрэзы Святаслаў прызнаўся, што супрацоўніцтва з аркестрам для любога музыканта – істотны і адказны момант. Гурт і далей спадзяецца выступаць з выбітнымі класічнымі музыкантамі.

“Па-першае, ты нарэшце вельмі добра чуеш, што ты спяваеш, паколькі гук значна мягчэйшы. А калі сур’ёзна – гэта проста пашырае дыяпазоны”.

 

Добра “расслухаць” аркестравае гучанне ўдалося не ўсім – усё ж такі Палац Спорту – не самая лепшая пляцоўка ў плане акустыкі. Хоць і нарэшце на столі Палацу з’явіліся перакрыцці, якія схавалі металічныя балкі, дзякуючы чаму гук значна выраўняўся.

 

“Ужо не варта садзіцца ў крэслы! – трымае “распаленую” залу Вакарчук. - Усё толькі пачынаецца! Памятаеце фільм “Іван Васільевіч мяняе прафесію”? Памятаеце? Словамі незабыўнага Юрыя Якаўлева – “Танцуюць усе!”

 

Пасля асноўнага сэту музыканты яшчэ тройчы выйшлі на біс з песнямі “Дзякую”, “Я так хочу”, “Не пытай”. Пад “Відпусці” зала літаральна ўзрывалася крыкамі. Традыцыйна, гэты хіт гурта спявалі ўсе разам.

 

“Ледзь угаварыў 4-х чалавек з аркестра сыграць яшчэ адзін “біс,” – жартуе Слава пра трэці “біс”. Але ж, як кажуць, у кожным жарце ёсць частка праўды – падчас чацвёртага, фінальнага бісу, "Океан Ельзи" засталіся без аркестру і выканалі “Выше неба” без сімфанічнага суправаджэння , а Вакарчук накінуў на плечы украінскі сцяг, які прынёс да сцэны адзін з фанатаў.

 

Калі наступны раз у Мінск завітае "Океан Ельзи" пакуль невядома, а вось пабачыць Святаслава Вакарчука ў беларускай сталіцы з новым сольным праектам пад назвай “96,7” можна будзе ўжо хутка.Нагадаем, што свой першы “сольнік” – “Вночі”Вакарчук так і не прывёз у Мінск. А зараз, кажа музыкант, праграма страціла актуальнасць.

“Калі вы маеце на ўвазе новы праект, які я прыдумаў – “96.7” – мы плануем яго прывезці. Але людзі яшчэ ніводнай песні не чулі, а раптам вам не спадабаецца? Са старым так атрымалася, што не прыехалі, і ён ужо ўсё… Сольныя праекты – я раблю іх такімі кароткімі, абмежаванымі ў часе. Гэта такія творчыя свавольствы. Зрабіў – прайшоў, пайшоў далей. Недзе праз пару месяцаў мы яго прадставім, будзе цікавае прадстаўленне. А канцэрты ў нас плануюцца на сакавік-красавік”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі