"Новая газета": беларускага злодзея ў законе “крышавалі” супрацоўнікі ФСБ

У сённяшнім нумары расійскае выданне сцвярджае, што Аляксандр Кушняроў, вядомы як Саша Кушнер, заплаціў дваім супрацоўнікам ФСБ 300 тысяч долараў і яшчэ 10 тысяч долараў плаціў ім штомесяц. "Новая газета" спасылаецца на свае крыніцы ў ФСБ.

У снежні 2010 года Кушнер самавольна пакінуў Беларусь, хоць знаходзіўся пад наглядам міліцыі. За гэта ён быў абвешчаны ў міждзяржаўны вышук. Расійскія паліцэйскія і супрацоўнікі беларускага КДБ некалькі разоў спрабавалі арыштаваць Кушнярова ў Расіі, але ў самы апошні момант яго кожны раз хтосьці папярэджваў аб візіце групы захопу.

Пасля затрымання ў траўні 2011 года Кушнер заявіў паліцыянтам, што “працуе пад дахам ФСБ”, назваў прозвішчы сваіх “куратараў” і запатрабаваў сотавы тэлефон, каб патэлефанаваць ім. І ўсё ж такі, нягледзячы на “процідзеянне неўстаноўленых супрацоўнікаў ФСБ”, Кушнярова ў лістападзе 2012 года перадалі беларускім уладам. Ужо знаходзячыся ў мінскім СІЗА, аўтарытэт працягваў пазвоньваць у Маскву сваім “заступнікам” і патрабаваць дапамогі.

Аляксандр Кушняроў быў актыўным членам банды Марозава, якая ў 1991-2007 гадах здзейсніла ў Гомельскай вобласці каля 30 жорсткіх забойстваў. Самога Кушнера у 1995 годзе за падвойнае забойства спачатку прысудзілі да расстрэлу, але затым змякчылі пакаранне і асудзілі на 15 гадоў. Большую частку тэрміну ён праседзеў у турме горада Гродна і атрымаў славу бунтара. Пасля вызвалення Кушняроў быў прызначаны злодзеем у законе Дзедам Хасанам (яго нядаўна застрэлілі ў Маскве) “назіраючым” за Беларуссю.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі