"No comment band" зладзілі тры прэзентацыі за адзін раз

Падчас невялікага сольнага выступу ў клубе Coyote музыкі паказалі відэа на песню "I wanna be Madonna", здымкамі якога займаліся Malamoute Produсtion. Па словах фронтмэна гурта Мацвея Купера, песню на якую будзе здымацца кліп абіралі самі будучыя стваральнікі відэа, але іх выбар цалкам супаў з жаданнем музыкаў.

Мацвей Купер: "Мы запісалі пяць кампазіцый і на адну з іх вырашылі зняць кліп. Калі мы знайшлі тых, хто будзе гэты кліп рабіць, мы прапанавалі ім выбар. Яны ў выніку абралі "I wanna be Madonna", бо гэта дастаткова забаўная, вясёлая ды энергічная песня. Збольшага яна напісаная пра Мадонну Чыконэ, якая вельмі крутая ў тым, што робіць. I wanna be Madonna тут у сэнсе, што яна настолькі выдатная, што мы жадаем быць такімі ж клёвымі ў сваёй справе. Але калі да словаў не прыслухоўвацца, шмат каму можа падацца, што ў песні ёсць транссексуальныя матывы. Гэта і вырашылі скарыстаць кліпмэйкеры. Ідэю для кліпа, бальнічную, “полазменную” тэматыку, прыдумалі менавіта яны".

Мацвей дадаў, што праца над відэа для іх была першай, але тое, як праходзілі здымкі музыкаў "No comment band" рэальна ўзрушвала. Яны нават адыгралі паўнавартасны канцэрт для ўсіх удзельнікаў здымак.

Мацвей Купер: "Усе, хто бачыў кліп, у нас пытаюцца, дзе вы знайшлі такую бальніцу. А нідзе мы яе не знаходзілі, мы здымалі ў офісе адной вялікай IT-кампаніі. Гэта шкляныя калідоры, шкляныя пакоі, кардонныя сцены, карацей, гэта ўсё аплікацыя ды ўмелыя рукі. А пасля здымак у гэты ж дзень мы адыгралі паўнавартасны канцэрт для ўсіх, хто быў: гаспадар студыі, у якой мы здымалі момант з касай, яго сябры... Мы вырашылі, што хлопцы выдатна адпрацавалі, гэта быў першы здымачны дзень, таму і адыгралі канцэрт, было крута!"

Падчас прэзентацыі кліпа "No comment band" адыгралі пяць песень з міні-альбома і прэзентавалі абсалютна новую кампазіцыю "Tango For Leavers", якая нідзе раней не гучала.

"Танга для тых, хто сыходзіць", не ў сэнсе, што нехта памірае, а ў сэнсе, спыняе адносіны. То бок гэта рашэнне, якое пацягне за сабой наступствы. Трэба пра гэта думаць, трэба пра гэта памятаць і ведаць, што за табой застаецца выпаленая зямля. Яна такая лірычна-кранальная ў гэтым сэнсе. "I wanna be Madonna" менш трагічная песня" - Смяюцца ўдзельнікі гурта.

Музыкі прызналіся, што зараз актыўна працуюць над паўнавартасным альбомам, але для гэтага трэба аддаваць больш часу, якога як раз пакуль бракуе.

"У нас ёсць матэрыял на альбом, але нам трэба дапісаць аранжыроўкі, адыграцца, зразумець ці адпавядае фінальны матэрыял нашым чаканням. Але я не магу сказаць дакладнай даты, бо ў нас усё вельмі рухомае і зноў жа ў нас вельмі шчыльны графік. Думаю, не пазней за восень нас можна будзе пачуць".

Нагадаем, што "No comment band" перамаглі ў беларускай частцы фестывалю "Emergenza", і ў чэрвені будуць змагацца за паездку на сусветны фестываль у фінальным расійскім туры. Праўда, музыкі пра перамогу не думаюць, яны вырашылі скарыстацца выступам у Маскве, каб прарэкламаваць сябе.

Мацвей Купер: "У межах, у якіх мы знаходзімся, усё супраць нас, але ў гэтым канкрэтным выпадку нас гэта мала непакоіць, бо мы едзем рваць Маскву. Выйграем мы ці не, нас не цікавіць, тым больш, што для нас гэта першы сур'ёзны выезд. Большая частка праграмы будзе складацца з таго, што запісана на нашым міні-альбоме і ёсць яшчэ ў нас у кішэні некалькі "тузоў", якія мы жадаем паказаць у Маскве. Напрыклад, мы плануем дапісаць адну кампазіцыю, рыхтуем яе рэліз і прэзентацыю менавіта на "Emergenza". Улічваючы, што мы граем прыфанкаваны рок, то гэтая кампазіцыя будзе вельмі рок-н-рольнай для таго што мы граем!"

Дададзім, што 4 чэрвеня "No comment band" выступяць на фестывалі "Рок за бобров" разам з гуртамі "Мумий Тролль" ды "Gorky Park".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі