Назіральнікі выдадуць зборнік пра парушэнні на выбарах

120927_samaabarona.mp3

ЦВК прызнала, што Парламенцкія выбары 23 верасня адбыліся, а вось назіральнікі з розных рэгіёнаў Беларусі кажуць пра шматлікія парушэнні. Праваабаронца Уладзімір Вялічкін, які назіраў за выбарамі у Брэсце, звяртае увагу на тое, што яшчэ на этапе фармавання выбарчых камісій было парушана заканадаўства. Выбарчыя камісіі былі сфармаваныя са складу аднаго працоўнага калектыву, тлумачыць праваабаронца.


"Амаль усе выбарчыя камісіі сфармаваныя па вытворчым прызнаку, то бок калі школа, то гэта калектыў школы, калі прадпрыемства, то гэта калектыў прадпрыемства. Старшыня, намеснік і сакратар камісіі абавязкова з адміністрацыі прадпрыемства, дзе працуюць сябры камісіі".  


У рэгіёнах таксама паўтараецца сітуацыя, якая мела месца ў сталіцы, дзе камунальнікі Фрунзенскага раёна нібыта вылучылі сваім кандыдатам Міхаіла Савановіча. Аднак яны кажуць, што гэтага не рабілі.  На выбарах ён быў абвешчаны пераможцам. І гэта не адзіны выпадак, працягвае Уладзімір Вялічкін:

 
"Калі я папрасіў акруговую камісію паказаць мне кандыдатаў, вылучаных ад працоўных калектываў, мне дакументы не паказалі. З чаго раблю выснову, што гэтых матэрыялаў ці то не было, ці былі яны не ў поўным камплекце, ці былі няправільна аформленыя. Калі я усё ж такі даведаўся, што гэта за кандыдаты, вылучаныя ад працоўных калектываў, высветлілася, што вылучаліся яны не ад сваіх калектывах, а ад нейкіх іншых".


Яшчэ адна істотная заўвага правабаронцаў — гэта завышаная яўка па ўсёй краіне. Па падліках незалежных назіральнікаў у Магілёве на выбарчыя ўчасткі прыйшло каля 40% выбаршчыкаў, афіцыйна ж выбары наведалі — 75%. Расказвае пра парушэнні ў Магілёве, каардынатар Незалежнага назірання Юрый Новікаў:


“Падчас выбараў стала вядома, што яўка, якую зафіксавалі назіральнікі істотна адрознівалася ад афіцыйнай. На некаторых выбарчых участках на даму галасавала па 300 і 500 чалавек. Самае галоўнае, што я хацеў адзначыць гэта тое, што не было празрыстага падліку галасоў”, — кажа Юрый Новікаў.


Бабруйскі назіральнік Юрый Грынявіцкі таксама паведамляе, што яўка ў горадзе была моцна завышаная.

“У агульным усё было вырашана яшчэ да выбараў, хто пройдзе. Я быў назіральнікам на 17 участку 78-ай выбарчай акругі. Было зразумела, што тут дэпутатам стане Плаксіцкі, што і адбылося пасля выбараў. На маім участку пры маім знаходжанні яўных парушэнняў не было, але як толькі я адлучаўся, бо быў адзіным назіральнікам на акрузе, то рэзка павялічвалася яўка выбаршчыкаў. Па маіх падліках, недзе ў 5 разоў”.

 
Аднак нягледзячы на парушэнні, зафіксаваныя па ўсёй краіне, назіральнікі і праваабаронцы ў адзін голас кажуць, што звяртацца ў ЦВК, суды і пракуратуры сэнсу няма. Аднак усё роўна збіраюцца выкарыстоўваць гэтыя магчымасці. Галоўнае ж, на іх думку, давесці інфармацыю пра парушэнні да выбаршчыкаў. Для гэтага выдадуць адмысловы зборнік.


Рубрыка “Самаабарона” спецыяльна для праваабарончай праграмы Кардыяграма.

Фота: http://www.saligorsk.org

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі