Назіральнікаў “ад улады” падчас інструктажу зачыняюць на ключ

120920_savi4_naziralniki.mp3

“Усё так сур’ёзна – па спісах”, — час ад часу выказваюцца назіральнікі, якія па адным заходзяць у актавую залу адміністрацыі Фрунзенскага раёна Мінска. Збольшага ў назіральніках жанчыны.

 

Усіх сустракае начальнік ідэалагічнага аддзела Юрый Круглік. Карэспандэнта Еўрарадыё ён запрашае на прыватную размову ў свой кабінет, бо ў “калідоры гаварыць нязручна”.

 

У кабінеце Юрый Круглік дапытваецца, як Еўрарадыё даведалася пра пасяджэнне. А на пытанне, ці можна карэспандэнту папрысутнічаць пры навучанні, начальнік строга адмаўляе!

 

“Да прысутнасці прэсы трэба рыхтавацца. Я не гатовы. Я з вамі кантактаваць не хачу – гэта маё жаданне”, — кажа ідэолаг.

 

З якога часу ад асабістага жадання чыноўнікаў залежыць, пускаць карэспандэнтаў ці не?

 

Пасля таго, як назіральнікі збіраюцца ў зале, памяшканне… закрываюць на ключ! Каб не ўцяклі?

 

Пасяджэнне цягнецца 15 хвілін.

 

Валерый з ЖЭСу расказвае Еўрарадыё, што на пасяджэнні ім рэкамендавалі не ўмешвацца ні ў якія працэсы:

 

“Толькі назіраць! Мы не павінны нічога рабіць, ніякіх дзеянняў, а потым я павінен напісаць справаздачу”, — тры разы запар паўтарае Валерый, які ўпершыню будзе працаваць назіральнікам. На выбары ён ідзе з-за цікаўнасці.

 

“Многія кажуць, што на выбарах і так, і так бывае, а я хачу знутры паглядзець, як адбываецца”.

 

Назіральніца, якая не пажадала назвацца, кажа, што на пасяджэнні ўсім далі “хатняе заданне” – праштудзіраваць Выбарчы кодэкс і Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях.

 

Жанчына працуе ў адукацыі і мае вельмі актыўную жыццёвую пазіцыю – гэта і прымусіла яе пайсці на выбары назіральніцай.

 

Пра тое, што назіральніку трэба ведаць Выбарчы кодэкс, яна даведваецца, калі ўжо заканчваецца другі дзень датэрміновага галасавання.

 

Пытаемся, што яна будзе рабіць, калі заўважыць парушэнні?

“Я вывучу кодэкс, пэўна там ёсць нейкія парады, як сябе паводзіць”.

 

Фота: bymedia.net

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі