“Навушнік” напісаў з калоніі: Мне засталося зусім няшмат сядзець… (фота)

25-гадовага Уладзіміра Хамічэнку адразу ж пасля Плошчы 19 снежня празвалі “Навушнікам”. Галоўнай падставай стаў здымак, дзе Хамічэнка, адыходзячы ад пабітых дзвярэй Дома Урада, быццам бы нешта гаворыць ва ўласны рукаў паліто. Хамічэнку прымалі за правакатара, але ўлады ад яго адмежаваліся і прыгаварылі, як і апазіцыянераў. Ён атрымаў 3 гады калоніі. Слухачка Еўрарадыё спадарыня Ганна даслала Уладзіміру Хамічэнку ліст у Магілёўскую калонію – бо падпісала лісты агулам усім палітзняволеным. І нечакана атрымала адказ, які стаў першым лістом “Навушніка” з турмы.

 

Спадарыня Ганна: “Мы пісалі лісты не спецыяльна да Уладзіміра Хамічэнкі, а пісалі да ўсіх палітзняволеных. Бо ён лічыцца гэткім жа палітвязнем, як і ўсе астатнія. Справа па ягонаму ўдзелу ў акцыі 19 снежня і па складзе злачынства судом, я лічу, не была даказаная. І таму мы таксама напісалі яму ліст на Вялікдзень”.

 

Спадарыня Ганна кажа, што ўвогуле не чакала атрымаць адказ ад Уладзіміра, бо дагэтуль думае, ці не агент ён.

 

Спадарыня Ганна: “Так, вельмі здзівіліся. Бо пра гэтага чалавека мы наогул нічога не ведаем. Таксама мы думаем, што гэты чалавек нейкім чынам прыналежны да спецслужбаў. Але ж гэта таксама не было нікім даказанае... Таму калі ён даслаў гэты ліст, вельмі шчыры, мы былі ўражаныя”.

 

Слухачка прызнаецца, што яе проста падкупіла шчырасць ліста – не выглядае, каб Хамічэнка ў ім крывадушыў ці нешта выдумляў.

Спадарыня Ганна: “Уразіла найперш, наколькі шчыры гэты ліст. Бачна, што чалавеку вельмі дрэнна, што чалавек адзін. Што, хутчэй за ўсё, няма ў яго сяброў. Мы ведаем ужо, што ў яго таксама няма сваякоў. І гэта бачна ў гэтым лісце – ён дзякуе за наш ліст да яго. Вельмі спадабаўся яму верш на дасланай намі паштоўцы…”

 

З усяго ліста, які складаецца напалову з падзякаў, напалову з просьбаў даслаць пасылку, нашу слухачку напружыў адзін някідкі на першы погляд радок. Хамічэнка мімаходзь напісаў (правапіс захаваны): “и если можите мне прислать передачу я очень буду рад этому я вас никогда незабуду всегда буду помьнить сколько буду жить и мне осталось совсем немного сидеть”

 

Спадарыня Ганна: “Вось словы, што яму “сядзець нядоўга”, канешне, вельмі дзіўныя словы. Таму што мы ведаем, якія тэрміны далі хлопцам. І няма пакуль што ніякай надзеі, што яны хутка выйдуць. Таму ягоная ўпэўненасць у гэтым – вельмі дзіўная, канешне”.

 

Ці будзе спадарыня Ганна адпраўляць Хамічэнку пасылку “толькі 20 кг”, пра якую ён так кранальна просіць у лісце?

 

Спадарыня Ганна: “Уладзімір просіць нас перадаць яму пасылку. Асаблівых патрабаванняў да гэтай пасылкі не выстаўляе, спіса не прад’яўляў. Але ж ён тры разы згадвае гэтую пасылку ў сваім караценькім лісце. І мы, хутчэй за ўсё, яму гэтую пасылку адправім”.

 

Ліст Хамічэнкі не дадаў яснасці ды дылемы “агент ці не”. Наадварот – дадаў патроху аргументаў на карысць абодвух варыянтаў… Ці будзе спадарыня Ганна працягваць ліставанне з “Навушнікам” Хамічэнкам?

 

Спадарыня Ганна: “Насамрэч не вельмі хацелася б, бо няма даверу да гэтага чалавека. Але ён – таксама ахвяра гэтага рэжыму. Таму мы, хутчэй за ўсё, будзем падтрымліваць з ім перапіску”.

 

 

Адрас слухачкі мы зарэтушавалі, а вось адрас Хамічэнкі – сапраўдны

 

  1. Здымак, дзе Хамічэнка нібыта нешта гаворыць сабе ў рукаў. За гэта фота яго і празвалі “Навушнікам”.

Уладзімір Хамічэнка на лаве падсудных. Фота “Нашай Нівы”

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі