Нацбанк: Валюту ў абменнікі здаюць зусім не меней, чым здавалі ў студзені

Нацбанк абвесціў абменны курс у 5 тысяч за долар адзіным і раўнаважным. Ці можна называць яго раўнаважным, калі долараў у абменніках па ім няма — так сама, як і здзелак на міжбанку. Згодна са словамі прэс-сакратара Нацбанка Анатоля Драздова, гэта няпраўда і колькасць здзелак на міжбанку павялічылася! І будзе расці.


Драздоў: “Па гэтым, па афіцыйным, па якім мы сёння працуем, ёсць вельмі шмат здзелак на міжбанкаўскім рынку… Аб’ём міжбанкаўскага рынку пасля прыняцця рашэння аб выхадзе на гэты адзіны курс павялічыўся. Вядома, здзелкі ідуць, будуць ісці і іх аб’ёмы будуць павялічвацца. Проста трэба, каб рынак адаптаваўся да гэтага курсу і прыняў яго”.


Але ў камерцыйных банкаў сітуацыя выглядае зусім іншай.


"Не праходзіць здзелак зараз, таму што міжбанк фактычна не функцыянуе", — гавораць Еўрарадыё ў адным з банкаў.

Пацвердзілі гэтую інфармацыю ў іншым банку, дзе таксама ніякіх здзелак на міжбанку не праводзяць.


"Гэтая заява, якую зрабіў наш рэгулятар, — я лічу, гэта, можа быць, якія-небудзь "Беларусбанк" і "Белаграпрамбанк" прадаюць. А ўжо, магчыма, яны самі там паміж сабой — прадаўцы і пакупнікі — дамаўляюцца. Мы не гандлюем. Нам ніхто не прадае па такім курсе і, адпаведна, і мы прадаваць не можам".


Але паводле версіі Нацбанка, жывы не толькі міжбанкаўскі сектар, але і рынак наяўнай валюты. А чэргі ля абменніка выкліканыя павышаным ажыятажным попытам, а прапанова такая ж, як і была на пачатку года.


Драздоў: "Калі б там нічога не было, да гэтых абменнікаў не стаялі бы чэргі. Але яны стаяць, значыць, штосьці там прадаюць, правільна? Паводле нашых дадзеных, грамадзяне здаюць валюту ў абменнікі зусім не меней, чым яны здавалі ў студзені, лютым, сакавіку і іншых месяцах гэтага года. У сярэднім 10 мільёнаў долараў штодзённа!"


У адным з банкаў Еўрарадыё паведамляюць, што валюту ў абменнікі здаваць не панеслі, таму і прадаваць там няма чаго.


"Па нашых абменніках аб'ём не змяніўся: як быў ён 200-300 на абменны пункт, так і застаўся".


Раней жа аб'ём быў разоў у 10 большы за цяперашні. Тое ж пацвердзіла і іншая крыніца.

"Калі павялічыўся, то нязначна. Мне падаецца, людзі гатовыя рызыкнуць і па курсе чорнага рынка здаць. Розніца ў тысячу — у прынцыпе, шмат на адным долары".


Пакуль інтэрнэт-крамы і турфірмы ды многія іншыя суб'екты гаспадарання працуюць зусім па іншым курсе, у Нацбанку лічаць, што курс у 5 тысяч рублёў — не канчатковы, але на дадзены момант такі, як мае быць. А тыя, хто працуе па завышаным, згубяць кліентаў.


"Рынак усё расставіць па сваіх месцах. Калі паслугі і тавары занадта дарагія — іх проста не купляюць. Тыя прадаўцы, якія зацікаўленыя ўгробіць свой бізнес, няхай ставяць які заўгодна высокі курс. Тыя, хто адэкватна ацэньвае сітуацыю, — выжыве. І атрымае кліентуру тых, хто разарыўся".

Фота: aggressor.name

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі