Наста Някрасава і FolkRoll папоўнілі дыскаграфію беларускай этна-музыкі

На паліцах польскіх крамаў Empik з’явіўся дэбютны дыск беларусаў FolkRoll і Насты Някрасавай пад назвай “Vir”. Наста — адна з бліскучых беларускіх спявачак, бачыць у “Віры” моц няспыннай энергіі.

Наста Някрасава: “Вір — гэта прыродная з’ява, моц якой прыцягвае ўвагу і зацягвае. Музыка, якая перадае моц віру, таксама зачароўвае і прыцягвае. І чым больш слухаеш, тым глыбей хочаш дакрануцца. І калі толькі хтосьці захоча, то музыка “Віру” панясе і забярэ яго з сабою ў колазварот эмоцый і прыгажосці”.


Гурт FolkRoll разам з Настай Някрасавай у 2009 годзе стаў пераможцам конкурсу ў межах фестываля “Nowa Tradycja”, які штогод ладзіць Польскае радыё. У 2010 годзе гурту прапанавалі запісаць і выдаць альбом за кошт Польскага радыё. Па словах мэнэджэра гурта Ігара Зныка, у Беларусі “Vir” з’явіцца толькі ў выпадку зацікаўленасці айчынных дыстрыб’ютараў.

Ігар Знык: “Альбом выйшаў у Польшчы і трапіць у Беларусь, калі беларускія дыстрыб’ютары, напрыклад, захочуць купіць яго і прадаваць на Беларусі. І тут пытанне, ці хтосьці ёсць зацікаўлены. Няма абмежаванняў: можна проста прыехаць, замовіць у Польшчы 100 ці 50 асобнікаў, прывезці ў Беларусь і там прадаваць”.



 “Vir” складаецца з 11 песень пераважна Палескага рэгіёну. Дзве з іх — сольныя, астатнія — аранжыраваныя гітарыстам і кампазітарам FolkRoll Паўлам Рыжковым. На дыску таксама ёсць “Cykl dzieciecy”, створаны ў форме сюіты, якая складаецца з польскіх дзіцячых песень, калыханак, забаўлянак. Наста Някрасава перакананая, што да беларускай дзіцячай творчасці FolkRoll аднойчы звернецца таксама.

Наста Някрасава: “Дырэктар Цэнтра народнай культуры Польскага радыё Пётр Кендзёрэк падарыў нам дыск з серыі “Muzyka zrоdel” —  “Wokol Dziecka. Kolysanki i piesni dzieciece”. Калі я паслухала, то падумала, што варта было б таксама нам зрабіць сюіту, якая складаецца з польскіх дзіцячых песень, таму што раней неяк не звярнуліся мы да беларускіх дзіцячых песень. Думаю, што гэта яшчэ ў будучыні”.


Паводле Насты, тэматыка “Віру” актуальная і зараз.

Наста Някрасава: “Альбом “Vir” — пра звычайныя чалавечыя справы. Гэта споведзь душы дзяўчыны, жанчыны, якая спявае пра жыццё. Таму што тут у большасці актуальныя тэмы, вельмі жыццёвыя тэксты: размова маткі з дачкою, якая пакідае бацькоўскі дом, размова душы з Богам, гісторыя непадзеленага кахання — таму і кажу, што гэта шчыры альбом пра жыццё”.


Наста Някрасава звяртае ўвагу на добрую выбудаванасць пласцінкі і дзякуе за гэта прадзюсару Марціну Паспяшальскаму. Спявачка ўпэўненая, што кожны слухач знойдзе на альбоме блізкія сабе вобразы.

Варшаўская прэзентацыя “Віру” ад гурта FolkRoll і Насты Някрасавай запланаваная на верасень. Пытанне наконт магчымасці канцэртнага паказу альбома ў Мінску, кажа Ігар Знык, ізноў жа застаецца адкрытым.

Ігар Знык: “У Польшчы, напэўна, у верасні. А ў Беларусі — толькі калі будуць прапановы. Мы адкрытыя да прапаноў”.


Нагадаем, альбом “Vir” з’яўляецца трэцім дыскам у гісторыі беларускай музыкі, які быў афіцыйна выдадзены і дыстрыб’ютаваны ў Польшчы. Так, у 1990 годзе выйшаў знакаміты альбом гурта Ulis “Краіна доўгай белай хмары”, у 2008 годзе — “Сон-трава” Троіцы.

Фота: www.myspace.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі