На тэрыторыі ЗША прэзентавалі кнігу пра беларускіх палітвязняў

Другую кнігу з серыі “Адзін дзень палітвязня” прадставілі 1 снежня складальнікі героям выдання, іх сваякам і журналістам. Прэзентацыю кнігі ладзілі ў амбасадзе ЗША.


Ва ўступным слове дырэктар беларускай службы “Радыё Свабода” Аляксандр Лукашук параўнаў гэтую кнігу з “Кнігай быцця”.

Аляксандр Лукашук: “Адна з самых важных кніг у гісторыі чалавецтва называецца “Кнігай быцця”. “Адзін дзень палітвязня” — гэта кніга беларускага быцця на пачатку ХХІ стагоддзя. Няма нічога больш важнага, чым тое, што рабілі і робіце вы, героі гэтай кнігі, вашы сябры, паплечнікі, родныя дзеля гісторыі, дзеля свабоды, дзеля Беларусі”.

Пад вокладкай адной кнігі аповяды пра 48 чалавек — палітвязняў, што трапілі за краты ў перыяд з 2009 па 2011 гады. Большасць ужо мела магчымасць самім атрымаць кнігу ў падарунак ва ўласныя рукі. Але ёсць і тыя, хто да гэтага часу адбывае пакаранне. Іх прадстаўлялі родныя і сваякі.

Жонка Дзмітрыя Бандарэнкі Вольга, спадзяючыся, што звесткі пра гэтую імпрэзу да Змітра дойдуць, перадала яму прывітанне і словы любові.

Вольга Бандарэнка: “Я тут разам са сваімі сябрамі, сёстрамі, як ты кажаш, вось яны сядзяць побач. І я хачу, каб ты пачуў галасы тых, хто цябе любіць і падтрымлівае. Давайце разам выгукнем Змітру : “Прывітанне!”




За дзень да прэзентацыі маці Андрэя Саннікава Ала Уладзіміраўна атрымала ліст ад сына. Доўгачаканы — два тыдні родныя экс-кандыдата не ведалі, дзе ён знаходзіцца і што з ім адбываецца. Жанчына зачытала ліст ад сына, не стрымліваючы слёз. Ліст кароткі, фактычна некалькі радкоў, дзе Андрэй Саннікаў супакойвае маці і заклікае яе трымацца.

Ала Саннікава: “Дарагі мой сыночак! Я ўсё раблю, каб трымацца. І жадаю табе, каб ты быў здаровы — мужнасці ў табе хапае. Трымайся, а я падтрымліваю тваю сям’ю, твайго маленькага сына. Трымайся, а мы чакаем цябе!”



Прысутныя ўзгадалі маці Змітра Дашкевіча, якая так і не дачакалася вызвалення сына з-за кратаў. Маці Эдуарда Лобава, у якога менавіта 1 снежня быў дзень нараджэння, перадала яму ў калонію словы віншавання і падтрымкі. А цяжарная сястра Паўла Севярынца Ганна звярнулася да брата ў ягоным стылі.

Ганна: “Трымайся! Мы верым, мы можам, мы абавязкова пераможам. І — Жыве Беларусь!”




Экс-кандыдат у прэзідэнты Уладзімір Някляеў прачытаў прысутным свой верш, напісаны ў СІЗА КДБ. Таксама з вершам выступіў Аляксандр Фядута. Экс-кандыдат Дзмітрый Ус нібы і не спыняў перадвыбарчай кампаніі — заявіў пра свой намер працягваць дабівацца змены выбарчага заканадаўства і распавёў, што з гэтай нагоды збірае ініцыятыўную групу.

Жонка Міколы Статкевіча Марына Адамовіч паскардзілася, што больш за паўгода не мела з ім спатканняў. Са словамі надзеі на тое, што людзям не давядзецца перажываць тое, што перанеслі яны, выступілі былыя палітвязні Мікіта Ліхавід і Дзмітрый Дрозд, Аляксандр Класкоўскі і Сяргей Марцалеў, Сяргей Вазняк і Андрэй Бандарэнка



Дарэчы, зараз за кратамі знаходзіцца кіраўнік праваабарончага цэнтра “Вясна” Алесь Бяляцкі — арганізацыі, якая ў свой час бараніла герояў кнігі “Адзін дзень палітвязня”, дапамагала іх сваякам. Жонка праваабаронцы Наталля ўпэўніла: Алесь — чалавек мужны, а вось здароўя яму хацелася б паболей.

Наталля: “Што б яму хацелася і можна было пажадаць? Мужнасці? Але я ведаю, што ён мужны чалавек. Аптымізму? Але і аптымізму яму не займаць. Адзінае, што хацелася б яму пажадаць, — здароўя. Каб усё, што яму выпадзе, ён мог з годнасцю перанесці”.




А на заканчэнне сустрэчы ўсе выказалі спадзяванне, што гэты “Адзін дзень палітвязня” — апошняя кніга з гэтай серыі.

Фота: Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі