На пацярпелых ад выбуху на Пляханава выдаткавалі амаль мільярд

Тэрыторыя каля 10-га пад’езда па-ранейшаму агароджана, а на балконах вісіць… бялізна.

На штодзённым штабе адміністрацыі Ленінскага раёна па выбуху кіраўнік адміністрацыі Валерый Кулеш настойвае, каб аднаўленчыя працы пасля выбуху на Пляханава скончыліся як мага хутчэй:


“За гэты час толькі на адно харчаванне мы выдаткавалі болей за 260 мільёнаў рублёў, не кажучы пра гасцініцу і астатняе! Там пад мільярд! Таму чым больш будзем тут засядаць, тым больш грошай накапае гораду!”.


На дзясяты дзень пасля выбуху будаўнікі разбіраюць пашкоджаныя сцены, нешта дзяўбуць, але ў дом пускаюць толькі жыхароў пасля прад’яўлення пашпартоў — за гэтым сочаць міліцыянты.  Тэрыторыя каля 10-га пад’езда па-ранейшаму агароджана, а на балконах вісіць… бялізна.


Пакуль папярэдняя версія выбуху — уцечка бытавога газа, жыхары навакольных дамоў і простыя супрацоўнікі ЖЭСаў выказваюць свае меркаванні наконт здарэння:


“Гэта не газ выбухнуў, не можа быць! У пакоі! Які можа быць газ? Там ад перакрыцця нічога не засталося!”
“Гэта быў балон з газам! Нацяжную столь рабілі — вось і ўзарвалася ўсё!”


У адміністрацыі Ленінскага раёна Еўрарадыё кажуць, што штаб усіх зацікаўленых арганізацый — МНС, МАПІД, ЖРЭА — збіраецца штодзень. Сюды могуць прыйсці і пацярпелыя ад выбуху.


“Кожны дзень у 14.00 у ЖЭСе штаб абмяркоўвае ўсе пытанні: што робіцца, як робіцца. Можна прыйсці і спытаць. За кожнай сям’ёй замацаваны сацыяльны работнік, які сустракаецца з імі штодзень, усе іх пажаданні, пытанні, просьбы выслухоўваюцца!”.


Але жыхарка дома Кацярына — яе кватэра знаходзілася каля эпіцэнтра выбуху — здзіўляецца: пра сацыяльных работнікаў, тым больш пра штаб, куды запрашаюць усіх пацярпелых, дзяўчына ўпершыню чуе ад Еўрарадыё:


“Я першы раз пра гэта чую. Я магу сказаць, што маёй маці не тэлефанавалі. На ніякія паседжанні нас не запрашалі — я нават не ведаю пра гэта.  Вось сёння ў нас разбіраюць сцяну, і ніхто не праводзіў апісанне, а ў нас быў добры рамонт, плітка італьянская. А зараз гэта ўсё проста ламаецца”.


Астатнія ж жыхары дома, якім ўдалося датэлефанавацца Еўрарадыё, кажуць, што пакуль іх ўсё задавальняе — і засяленне, і харчаванне.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі