На некаторых спецыяльнасцях плата за навучанне ўзрасла ледзь не на 2 млн!

111125 Nasta VNU.mp3

Беларускія ВНУ зноў павысілі плату. Гэтым разам яшчэ на 25%. Паводле падлікаў Еўрарадыё, больш за ўсё на гэты момант заплацяць студэнты БДУ. На некаторых спецыяльнасцях плату павысілі ажно на два мільёны (1,87 млн.)

У спіс найбольш падаражэўшых уваходзяць: юрыдычны і эканамічны факультэты, факультэт філасофіі і сацыяльных навук, факультэт міжнародных эканамічных адносінаў, а таксама Інстытут журналістыкі. Тут навучанне цяпер каштуе 9 мільёнаў 350 тысяч рублёў на год.

Студэнтка 2-га курса Вольга вучыцца ў БНТУ. Кажа, што пра падаражанне пакуль ім ніхто не казаў.

Вольга: “Зразумела, плаціць давядзецца мнагавата. У дадзеным выпадку я знайду грошы, але некаторыя людзі ў групе будуць пераводзіцца на завочку. Пакуль нам ніхто нічога пра аплату не казаў, але пасля, я адчуваю, вельмі шмат размоваў пачнецца. Студэнты будуць абурацца, таму што гэта дарагавата”.

У БДУ і БНТУ кошт навучання паднялі з 1 лістапада. У цэлым, кошт падняўся ў межах 25% у залежнасці ад факультэтаў і курсаў. Студэнтам давядзецца даплаціць таксама за 1 семестр: у БНТУ — гэта ад 90 да 106 тысяч за месяц.

Кошт года навучання на 1-3 курсах дзённага аддзялення БДЭУ павышаны больш чым на 1 мільён рублёў.

Андрэй навучаецца ў эканамічным універсітэце на факультэце менеджменту. Кошт года на 1-3 курсах дзённага аддзялення БДЭУ вырас больш чым на 1 мільён рублёў. Таму плаціць Андрэй будзе ўжо не 6, а 7 мільёнаў за год.

Андрэй: “Нас не папярэджвалі, хаця гэтага варта было чакаць, натуральна, у выніку такой гіперінфляцыі амаль 100% за год... І калі павысілі на мільён, а не ў два разы, то гэта яшчэ цярпіма. Магло быць і горш. Таму што, што такое сёння мільён рублёў? Троху больш за 100 долараў. Таму пакуль што, я думаю, гэта не крытычна. Галоўнае, каб на гэтым усё і спынілася, а не працягнула расці ў тым жа тэмпе”.

Але, ці будзе даражэць навучанне, не ведаюць нават у саміх ВНУ. Больш за тое, там запэўніваюць, што яны не маюць да гэтага ніякага дачынення.

“Я не ведаю, якія будуць павышэнні, таму што не ведаю, як будзе расці стаўка першага разраду. Усё залежыць ад гэтага. І інфляцыя будзе, і кошты будуць расці і на хлеб, і на ўсё… Таму ў нас звязана са стаўкай 1-га разраду. А як яно будзе, я сказаць не магу. Мы тут абсалютна ні пры чым”, — кажуць Еўрарадыё ў фінансавым аддзеле БДУІР.

Што да стаўкі першага разраду, то Міністэрства працы паабяцала, што да канца года стаўку больш павышаць не будзе.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі