На Беласточчыне замалявалі беларускія надпісы на дарожных знаках (фота)

Невядомыя замалявалі беларускія надпісы на дзевяці ўказальных знаках у гміне Орля на Беласточчыне. У пятніцу раніцай знакі былі ачышчаныя, паведамляе Kurier Poranny.

Першыя сігналы пра пашкоджанне ўказальнікаў паступілі ў сераду вечарам. Паліцыя пачала крымінальную справу за абразу групы людзей па нацыянальнай, этнічнай, рэлігійнай ці расавай прычыне. Гэты артыкул прадугледжвае пакаранне да 3 гадоў турмы. Нагадаем, што больш за 70% насельніцтва гміны Орля называе сябе беларусамі.

Гэта не першы выпадак такога кшталту на Беласточчыне. У жніўні летась невядомыя намалявалі нацысцкія сімвалы і лозунгі на сінагозе ў Орлі. Пазней таксама былі размаляваныя помнік на месцы пакарання жыхароў Едвабне і літоўскія надпісы на дзвюхмоўных указальніках у гміне Пунск. Злачынцы ў гэтых выпадках так і не былі знойдзеныя.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі