На 50 затрыманых пасля 19 снежня — толькі 2 пакоі для сустрэчаў з адвакатам

Вольга Бандарэнка задала пытанні генпракурору Рыгору Васілевічу пасля яго афіцыйнай прэс-канферэнцыі 27 студзеня. Усе яе пытанні тычыліся затрыманых пасля падзеяў 19 снежня.

У жывым эфіры Еўрарадыё Вольга Бандарэнка распавяла, што вельмі добра кантактуе з усімі сваякамі палітвязняў СІЗА КДБ і ведае, што ніхто з іх не сустрэўся са сваімі роднымі. Не сустрэліся з затрыманымі і адвакаты — толькі падчас следчых дзеянняў. Таму Бандарэнка пацікавілася ў генпракурора, чаму так адбываецца:

Вольга Бандарэнка: "На гэта прысутны мужчына (які мне не прадставіўся) сказаў, што ён з'яўляецца працаўніком пракуратуры і сустракаўся з усімі, хто сядзіць. Ён сказаў, што ў законе ў нас гэта не прапісана, толькі з дазволу следчага. Я сказала, што чамусьці ўсе следчыя не хочуць, каб нашыя родныя сустракаліся з намі". 

Жанчына кажа, што прычынай таго, што адвакаты не могуць сустрэцца са сваімі падабароннымі, ёй назвалі недахоп памяшканняў:

Вольга Бандарэнка: "Сказалі, што толькі два пакоі. І адвакаты проста не паспяваюць сустракацца. Я сказала, каб яны паспрабавалі вырашыць гэтую праблему, бо мы ад 29 снежня нічога не ведаем пра нашых родных. Мне адказалі, што чамусьці ніхто з экс-кандыдатаў сам не захацеў сустрэцца з адвакатамі... Гэта я пакідаю без каментароў".

Асобна Бандарэнка згадала Мікалая Статкевіча, які трымаў галадоўку. Нагадаем, што паводле афіцыйных звестак, палітык спыніў галадоўку 12 студзеня. Жанчына прапанавала, каб Статеквічу далі магчымасць сустрэцца хаця б з адвакатам, які пацвердзіў бы гэтыя звесткі. Па яе словах, генпракурор паабяцаў разгледзець такую магчымасць.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі