Беларускія музыкі збіраюць грошы на інструкцыю па стварэнні ракеты

У Магілёве пройдзе дабрачынны канцэрт у падтрымку Музею гісторыі. У “MAHILIOU MUSEUM PARTY” возьмуць удзел гурты Re1ikt, Nevma, Osimira, Изнутри, спявачка Паліна Рэспубліка і іншыя выканаўцы.

Мэта вечарыны — сабраць грошы, каб вярнуць на радзіму шэраг культурных каштоўнасцяў. У wish list Магілёўскага гістарычнага музея шмат усяго цікавага, але пад шыльдай "Актуальная акцыя" Еўрарадыё знайшло выдатную кнігу “Вялікае мастацтва артылерыі” 1561 года выдання. У ёй шляхціц ВКЛ Казімір Семяновіч апісвае ўсемагчымыя тагачасныя арылерыйскія тэхналогіі і... распавядае, як стварыць шматсупеневую ракету ў 1561 годзе!

Па словах бубнача Re1ikt’у Аляксандра Дземідзенкі, дзякуючы падобным праектам усё больш людзей спрычыняецца да ідэі беларускасці і захавання нацыянальнай спадчыны.

Аляксандр Дземідзенка: “Спадзяемся, што наш прыклад заахвоціць прыхільнікаў гурта Re1ikt і слухачоў беларускай музыкі падтрымліваць дабрачынныя праекты, звязаныя з Беларушчынай. Бо гэта пакуль не так папулярна. Мы самі ўжо не першы раз падтрымліваем такога кшталту ініцыятывы. Я ад імя нашага гурта калісьці ахвяроўваў грошы на выкуп Метрычнай кнігі Ішкалдскага касцёла і быў усцешаны, калі даведаўся, што ўсё атрымалася. Спадзяемся, што калі-небудзь даедзем да яе, каб паглядзець. Бо я вельмі люблю кнігі, асабліва старыя”.

Атрыманыя ад “MAHILIOU MUSEUM PARTY” сродкі пойдуць на дапамогу Музею гісторыі Магілёва ў вяртанні культурных каштоўнасцяў. Канцэрт адбудзецца 14 кастрычніка ў клубе “Cuba”. Пачатак у 17.00. Кошт квіткоў ад 40 да 60 тысяч рублёў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі