Музычны дом "Класіка" аднаўляе "стацыянарныя" канцэрты ў палацах, сядзібах

120620 Malina Nesvij.mp3

У сценах славутага Нясвіжскага палаца прайшоў канцэрт ансамбля старажытнай музыкі "Кантабіле", які зладзіла новая фармацыя – музычны дом "Класіка". Яго стваральнікі – вялікія аматары беларускай класічнай спадчыны, сябры Аляксандр Чахоўскі і Аляксандр Маслаў – мараць пра тыя часы, калі класічная музыка ў Беларусі будзе гучаць з самых розных канцэртных пляцовак.

Аляксандр Чахоўскі

Аляксандр Маслаў: "У нас жа ёсць не толькі замкі, а і мястэчкі, і сядзібы. Мы практычна стаім на папялішчы былой раскошы. Таму для нас зусім не істотна, дзе мы будзем ладзіць гэтыя канцэрты. Самае істотнае – каб працэс рухаўся. Няхай наша краіна вяртаецца на звыклае для яе месца ў культурнай эліце Еўропы".


Тое, што з усіх помнікаў архітэктуры Беларусі для першага канцэрту "Класікі" быў абраны Нясвіж – таксама сімвалічна. Сёлета адзначаецца 310 гадоў з Дня нараджэння Міхала Казіміра Радзівіла ("Рыбанькі"), які разам са сваёй жонкай Уршуляй стаяў ля вытокаў багатых культурных традыцый Нясвіжа.

 

Ля муроў рэзідэнцыі Радзівілаў журналістаў, дыпламатаў ды іншых гасцей імпрэзы сустракалі лёкаі ў класічным адзенні часоў барока. Падчас канцэрта вядучы імпрэзы артыст НАВТ оперы і балета Віктар Скарабагатаў распавядаў цікавыя гісторыі пра кожны музычны твор, малавядомыя факты з жыцця беларускіх кампазітараў ды сям’і Радзівіл, чытаў вершы. Энтузіазм артыста лёгка патлумачыць – Віктар Скарабагатаў больш за 20 гадоў марыў рэалізаваць ідэю "стацыянарных" класічных канцэртаў ва ўсіх палацах, сядзібах і замках краіны.

Віктар Скарабагатаў

"Яшчэ 20 гадоў таму, калі я стварыў творчы калектыў "Беларуская капэла", адной з ідэй было якраз тое, што пры кожным замку, пры кожнай сядзібе мусяць існаваць такія калектывы. Да нас жа прыязджаюць турысты і, значыцца, ім нехта павінен не толькі распавесці але і прадэманстраваць, хто тут жыў і як. Існуюць фестывалі ў замках і сядзібах, але канцэрты маленькіх калектываў – вялікая рэдкасць. Мы ж думалі зрабіць такія калектывы "стацыянарнымі", і каб раз на год яны з’язджаліся на фестываль "Адраджэнне беларускай капэлы” ў Мінск".



 Нарэшце паглядзець Нясвіжскі палац змог і пасол Бразіліі ў Беларусі Рэната Маркес, які за 11 месяцаў свайго знаходжання ў нашай краіне 4 разы рабіў спробу наведаць славутую рэзідэнцыю Радзівілаў, але пабачыў толькі… бар палаца! Таму слова "рамонт" спадар Маркес не толькі добра разумее, але і выдатна вымаўляе па-руску.

Рэната Маркес

"Тры папярэднія разы, калі я быў тут, увесь час быў "рамонт". – смяецца Рэната Маркес. -  За гэты час я прачытаў пэўную інфармацыю пра сям’ю Радзівіл і ўвогуле быў вельмі здзіўлены, што ў Беларусі ёсць такія вялікія і прыгожыя замкі. Што тычыцца музыкі, якая сёння тут прагучала, натуральна, акрамя боса-новы мы маем багатую спадчыну барочнай музыкі ў Бразіліі. Ёсць нават горад, Ору-Прэту, які з’яўляецца спадчынай ЮНЭСКА менавіта таму, што ён цалкам барочны. Таму мне цікава было паслухаць сённяшні канцэрт, і я зычу яго арганізатарам поспехаў".

Ідэалогія музычнага дома "Класіка" – стаць клубам, дзе неабыякавыя да беларускай культуры людзі, а таксама музыкі маглі б сустракацца і абмяркоўваць самыя розныя пытанні. Ды і ўвогуле планаў у музычнага дома шмат. Сярод іх -  вялікі оўпэн-эйр класічнай музыкі.

"Здорава было б арганізаваць рэгулярны оўпэн-эйр не папулярнай класічнай музыкі, а альтэрнатыўнай класікі, якой вельмі многа ў Беларусі. - кажа Аляксандр Маслаў. - І каб на гэтым фэсце была не толькі музыка – і жывапіс, і архітэктура. Каб праходзілі рэгулярныя форумы, на якіх бы дэманстраваліся і абмяркоўваліся розныя прапановы. Вось гэта было б здорава!"



Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі