"Можа быць прад'яўлены ахвярны казёл на якога будзе ўскладзеная адказнасць"

Уладзімір Мацкевіч выказвае думку, што выбух у мінскім метро мог быў здзейснены тэрарыстамі. Магчыма, гэта расійскія тэрарыстычныя групы мецяць сваю тэрыторыю: паказваюць такім чынам, што ў Беларусі маюць уплыў. А магчыма, з'явіўся беларускі тэрарызм.

"Я б не выключаў ніводнай версіі: і сусветны тэрарызм, і распаўсюд на Беларусь расійскага, і выспяванне ўласнага тэрарызму".

Тое, што ўлады і апазіцыя спрабуюць абвінавачваць адно аднога, эксперт лічыць няправільным.

"Гэта пазіцыя шкурна-карысная, калі палітычныя апаненты пачынаюць вешаць адказнасць адзін на аднаго, не маючы ніякіх доказаў. Гэта бязглуздая і няправільная пазіцыя. Каму гэта на карысць? Шукаць вінаватых сярод тых, каму гэта карысна, няправільна. Я думаю, што гэта не карысна нікаму".

Мацкевіч засцерагае апанентаў прад'яўляць абвінавачанні, бо гэта будзе шкодна усім, і ў першую чаргу раскрыццю злачынства.

На думку Мацкевіча, тэракт яшчэ больш узмацніць уплыў сілавога блока. А гэта вельмі недарэчна, бо праколы сілавікоў прыводзяць да такіх рэчаў.

"Відавочна, што гэты тэракт не пойдзе на карысць ліберальным эканамічна арыентаваным удзельнікам рэжыму, якія згубілі пасля 19 снежня ўплыў на прэзідэнта, напрыклад, каманды Макея і Мартынава. Гэта ўзмацніць якраз сілавы блок".

Менавіта таму, што пасля 19 снежня гэтая частка прыхільнікаў Лукашэнкі ўзмацнілася, па-за кантролем органаў застаюцца злачынцы і тэрарысты.

"Пакуль улада займаецца тым, што садзіць паэтаў, людзей, якія займаюцца легальнай палітычнай справай, то па-за наглядам сілавікоў застаюцца тэрарысты і злачынцы".

Калі ўзгадаць, як у Беларусі расследуюцца гучныя справы, узнікаюць сумневы ў тым, што злачынцаў знойдуць. Напрыклад, справа 3 ліпеня так і не закрытая і злачынцы не знойдзеныя.

"Гэты тэракт накіраваныя супраць усіх беларусаў. Хто гэта зрабіў, я не ведаю. На жаль, ведаючы, як у Беларусі расследуюцца гучныя справы, справа Мікалуцкага і зніклых палітыкаў — ніводнае з гэтых злачынстваў не раскрытае, а злачынцы не пакараныя. Таму гэта спрыяе, каб маргіналы, схільныя да тэрарызму. пачыналі сваю актыўнасць".

Палітолаг Валер Булгакаў кажа, што выбух можа быць выгадны уладам, але таксама не выключае і экзатычныя версіі з замежным следам.

"Цікава, што сам Лукашэнка нейкім чынам пацвярджае гэтую версію. Ён даў указанне узмацніць кантроль над нелегальнай міграцыяй. Але ж не ўсё так проста. У вачах уладаў апазіцыя ёсць не самастойным гульцом, а інструментам замежнага ўплыву".

Таму гэта азначае, што абвінаваціць могуць і апазіцыю. Але найбольш "выйграе" ад выбуху менавіта ўлада.

"Безумоўна, гэтая падзея ўскосна можа быць выгадная рэжыму. Пралітая кроў можа пакласціся ў прапагандысцкі кантэкст — што апазіцыя спрабуе дэстабілізаваць сітуацыю. Эканамічныя цяжкасці, якія зараз з'явіліся ў Беларусі, і заслона, якая зноў разгарнулася на заходняй мяжы, таксама можа быць згладжаная".

У кароткай перспектыве выйгрыш улады большы. Яе дзеянні, якімі б драконаўскімі яны ні былі, не будуць апратэставаныя грамадствам публічна, кажа эксперт. Апазіцыя ў гэтай сітуацыі павінна дамагацца празрыстага расследавання.

"Калі зыходзіць з таго, што ні улада, ні апазіцыя не маюць да гэтага дачынення, то гэта будзе значыць, што сілавыя ведамствы некампетэнтныя ў поўнай ступені і кадравыя змены ў КДБ альбо Адміністрацыі прэзідэнта непазбежныя. Спецслужбы досыць хутка адрапартуюць аб выяўленні асоб, датычных да злачынства, і тым самым перакладуць з сябе груз адказнасці. Асноўнае зараз пытанне — наколькі хутка злачынства будзе раскрыта і ці будзе ўвогуле раскрыта. Акурат ад гэтага і залежаць кадравыя перспектывы тых ці іншых дзеячаў цяперашняга беларускага рэжыму".

Але апошнія падзеі сведчаць пра тое, што сапраўдных злачынцаў могуць не знайсці.

"У 1:20 ночы КДБ ужо адрапартаваў, што выйшаў на след злачынцаў. Гэтая надзвычайная хуткасць, якой не было, здаецца, у ноч з 3 на 4 ліпеня 2008 года, падштурхоўвае мяне да думкі, што ўсё не так проста і грамадству можа быць прад'яўлены нейкі ахвярны казёл, на якога будзе ўзваленая адказнасць".

Такія тэракты сталі звыклай рэччу ў суседняй Расіі. Тое, што адбылося ў Беларусі, па стылі нагадвае тыповы расійскі тэракт, таму гэты варыянт таксама нельга адкідаць, кажа Булгакаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі