Мінскэнерга: У Беларусі самыя нізкія тарыфы на электраэнергію

За 1 кілават электраэнергіі насельніцтва плаціць каля 4 цэнтаў, а сабекошт электраэнергіі каля 10 цэнтаў. Намеснік гендырэктара РУП “Мінскэнерга” Юрый Мішук кажа, што дыфсістэма ўводзілася, бо папярэдняя сістэма аплаты за энергію за кошт перакрыжаванага субсідавання на паслугі ад прадпрыемстваў цалкам няправільная:

Мішук: “Гэта сістэма (перакрыжаванага субсідавання. — Еўрарадыё) з першага погляду здаецца добрай, бо насельніцтва ўсё адно плаціць за электраэнергію, але іншымі спосабамі — за кошт павышэння коштаў на тавары, павышэнне заробкаў. Гэта сістэма няправільная, і мы ад яе адыходзім”.

Зараз насельніцтва кампенсуе меней за 50% выдаткаў дзяржавы на электраэнергію. Але нават з улікам падаражання электраэнергіі на 18% у лютым гэта не дае прыбыткаў.

“На жаль, папярэднія гады 2010-2011, улічваючы сітуацыю для насельніцтва, тарыфы для насельніцтва не мяняліся, і энергазабеспячальныя арганізацыі працавалі ў страту”, — кажа Мішук.

За 2010 год сапраўды не адбылося ніводнага павышэння тарыфаў на электраэнергію для насельніцтва, бо ў канцы 2010-га беларусы выбіралі прэзідэнта. А вось у 2011 годзе тарыфы падымаліся двойчы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі