"Мінск-Арэна": Танней канцэрты не праводзіць зусім, чым зніжаць арэнду

120604 Luka6uk Arena.mp3

Са з’яўленнем “Мінск-Арэны” ў Беларусь нарэшце пачалі зазіраць зоркі, якіх мы і не марылі тут пабачыць: Стынг, Элтан Джон, Rammstein, Шакіра... Але ўжо колькі часу, як новых відовішчаў такой жа значнасці ў “Арэне” не адбываецца. Placebo едзе ў Палац спорту, а Sepultura грае ў Re:Public.

Супрацоўніца аддзела па арганізацыі культурна-відовішчных мерапрыемстваў сцвярджае: прычына ў тым, што ў гледачоў і арганізатараў няма грошай на такія шоў. Плюс — не сезон. Але зніжаць кошты арэнды, каб мерапрыемстваў на іх пляцоўцы было больш, на "Мінск-Арэне" не збіраюцца.

“У такім будынку, як наш, танней не праводзіць зусім, чым праводзіць, зніжаючы арэнду, і плаціць з уласнай кішэні, — тлумачыць супрацоўніца гэтага спартова-забаўляльнага комплексу. — Я ўключу святло і ўключу медыя-куб, які спажывае за гадзіну 15 мільёнаў, і здам гэта ўсё для людзей за 7 мільёнаў. А на 7 мільёнаў я пайду да Лукашэнкі і напішу паперу: “Дайце мне грошы на пакрыццё гэтых выдаткаў”. Вы ж, як гаспадар, выдатна разумееце: калі ты знізіў кошт — заплаціў сам”.

Пры гэтым у "Мінск-Арэне" шчыра прызнаюцца: калі б не дзяржаўныя датацыі, сама дзейнасць іх комплексу была б пад вялікім пытаннем.

“Мы маем адсотак выканання фінансавага плану як па ўласных прыбытках, так і па фінансаванні з бюджэту. Гэта сацыяльны аб’ект, і вы выдатна разумееце, што было б, калі б ён быў на самаакупляльнасці. Калі вы сюды прыходзіце, то ў вас катанне каштуе 8 тысяч з канькамі. А без датацый з дзяржбюджэту яно каштуе 80 тысяч. Вы пойдзеце на такую арэну? Ды ніколі ў жыцці! Будавалі і ведалі, што гэта будзе датацыйны аб’ект. Як і ўсё астатняе ў нашай краіне”.

Памяшканне "Мінск-Арэны" ўніверсальнае: калі трэба, там можна правесці канцэрт для 1 тысячы гледачоў, калі трэба — для 15 тысяч. Арэнду вылічаць, зыходзячы з колькасці наведвальнікаў і працягласці мерапрыемства. Вось толькі арэнда кавалка "Мінск-Арэны" на 5 тысяч гледачоў абыдзецца значна даражэй за арэнду сталічнага 5-тысячнага Палаца спорту. На колькі — высветліць так і не ўдалося. 

Паводле слоў Уладзіміра Шаблінскага, арэнда Палаца спорту з базавым гукам і святлом каштуе каля 10 тысяч долараў. У залежнасці ад дня тыдня кошт клуба Re:Public вагаецца ад 3 да 5 мільёнаў рублёў. Кошт "Мінск-Арэны" не называюць ні супрацоўнікі гэтай пляцоўкі, ні арганізатары канцэртаў.

“Такія, якія прыходзяць і кажуць: “Ой, як дорага!.." Ну, ты ж ведаў, куды ішоў! Пройдзе 20 гадоў, і гэта месца па кошце будзе такім жа, як і ўсе астатнія. Але нашаму будынку толькі 2 гады — таму гэта дорага!”— тлумачаць розніцу ў коштах на "Мінск-Арэне".

PR-менеджар аднаго са сталічных канцэртных агенцтваў тлумачыць Еўрарадыё: для канцэртаў асобных зорак толькі "Мінск-Арэна" і падыходзіць. Але калі ёсць магчымасць выбару, то абіраюць іншае месца.

PR-менеджар: “Мы чытаем умовы музыкантаў, на якіх яны згодныя прыехаць, і, зыходзячы з гэтага, падбіраем пляцоўку. Апрыёры — гэта найлепшая пляцоўка ў горадзе. Там усе магчымасці, там грымёркі вельмі камфортныя. Але мы стараемся не звязвацца з "Мінск-Арэнай", бо там маса... маса нейкіх рэчаў”.

Фота: www.minskarena.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі