Міністр эканомікі не заўважыў рост коштаў у “Радзівілаўскім”

Падчас гарачай лініі міністр эканомікі Мікалай Снапкоў на пытанне Еўрарадыё, чаму кошты на самыя звычайныя прадукты растуць ледзь не штодзень, пярэчыць, што гэта не так.

Мікалай Снапкоў: "Я таксама хаджу ў краму — у “Радзівілаўскі” — і не бачу, што кошты мяняюцца пастаянна. Пра гэта кажа і беларуская статыстыка".

Нагадаю, што за два месяцы 2013 года спажывецкія кошты ў краіне павялічыліся на 4,3%.

Спрачаюся з міністрам: "Мо я вельмі ўтрырую, але штодня не бяру больш прадуктаў, што мне патрэбна. Хлеб, смятана…".


Але пераканаць міністра цяжка.

"Можа вам падаецца? Вы ў мінулы раз бралі 200 грамаў смятаны, а зараз узялі 500 грамаў, таму сярэдні чэк і расце. Вось учора вы заплацілі 200 тысяч, а сёння 300 тысяч. Мо не палічылі лішнюю каробку цукерак ці яшчэ што…", — адказвае мне Снапкоў.

Тады я вырашыла сама наведаць цуда-краму, дзе робіць закупы міністр эканомікі Мікалай Снапкоў. "Радзівілаўскі", што бліжэй да Драздоў, — там, хутчэй за ўсё, і закупляецца чыноўнік.

Першае, што кідаецца ў вочы, — гародніна. Міністр эканомікі падчас нашай размовы падкрэслівае, што купляе айчынную.

"Вы ж купляеце беларускае? І я таксама купляю беларускае. Бо ўпэўнены ў яго экалагічнасці".

У краме на выбар — беларускія ці мараканскія памідоры.  І трэба ж, мараканскія амаль на 20 тысяч рублёў таннейшыя за нашыя. Беларускія каштуюць 52100 рублёў, а мараканскія — 32500.

Міністр паслядоўны ва ўсім — беларускае дык беларускае.

"Я з задавальненнем купляю беларускія яблыкі. Хоць яны і сапраўды не так прывабна выглядаюць, як польскія".


Выглядаюць айчынныя яблыкі сапраўды не вельмі, але каштуюць удвая танней за польскія — усяго 7000 рублёў!

Пытаюся ў прадаўцоў, як змяніліся кошты за паўгода. Тыя глядзяць, як на дурненькую: “На ўсё растуць!” Даводзяць лічбы: у чэрвені мінулага года смятана каштавала 5250 рублёў, а зараз — 5850. Рост болей чым на 10%! Хлеб "Траецкі" падаражаў на 32%! Раней хлеб каштаваў трохі болей за 3500 рублёў, а зараз амаль 5000 рублёў!

Пенсіянерка Лідзія Сцяпанаўна, якую сустракаю ў краме, кажа пра свой сярэдні чэк пакупак:

"Сярэдні чэк? Бывае і трыста тысяч рублёў, і дзвесце! Калі тое-сёе бярэш, масла, напрыклад".


Прадаўцы крамы пацвярджаюць: сярэдні чэк за набор простых прадуктаў — 200 тысяч рублёў, гэта без алкаголю.

Звычайныя пакупнікі "Радзівілаўскага" адчуваюць рост коштаў на сваім кашальку:

"А што зробіш? Тут толькі прывыкнуць трэба".

"Мы без мяса не можам. Купляем часта, а кошты проста шалёна на гэта ўсё растуць!".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі