Мінчанам прапануюць абраць дызайн прыпынкаў, які ўжо зацвердзілі?

121024_martynovi4_prypynki.mp3

За новыя варыянты прыпынкаў на сайце Мінгарвыканкама прагаласавалі ўжо каля 4 тысяч чалавек. Улады горада прапануюць выбраць адзін з двух варыянтаў дызайну:

“На вуліцы Янкі Купалы насупраць 2-й гарадской клінічнай лякарні і каля Дома ветэранаў усталяваныя новыя прыпынкі, яны адрозніваюцца па дызайне ад астатніх прыпынкаў горада. Для спецыялістаў важна, паважаныя мінчане, наколькі яны зручныя, які з іх лепш абараняе ад ветру і ападкаў”, — пытаюцца чыноўнікі на сайце.

Прыпынак каля Дома ветэранаў — аўтарства кампаніі “Апэкс”. У яе планах замяніць у Мінску яшчэ 53. Дырэктар Канстанцін Саўрасаў здзіўляецца, што ўлады горада абвясцілі галасаванне. Бо прыпынкі ўжо зацвердзілі тыя самыя ўлады.

Канстанцін Саўрасаў: “Я не разумеў сутнасць галасавання, калі мы ўжо атрымалі прадпісанне з Камітэту архітэктуры памяняць нашы 53 прыпынкі да Чэмпіянату свету па хакеі. І тут раптам нейкае галасаванне ідзе. Нашы прыпынкі на двух праспектах: Незалежнасці і Пераможцаў”.

Новы прыпынак ля Дому ветэранаў

Немэтазгодным называюць такое галасаванне і ў Камітэце па архітэктуры і будаўніцтве Мінгарвыканкама. Маўляў, яны яго не размяшчалі.

Як даведалася Еўрарадыё, кошт аднаго прыпынку, як каля Дома ветэранаў, каля 5 тысяч долараў.

Другі варыянт прыпынку — насупраць 2-й лякарні — аўтарства кампаніі “Бігборд”. На ім чакаюць транспарту дзве жанчыны. І скардзяцца, што лаўка халодная.

Прыпынак ля 2-й лякарні

“Форма добрая, толькі каб лаўка не такая халодная — было б добра. Падаецца, не задзімае, зручна стаяць”, — ацэньвае прыпынак Наталля.

З ёй пагаджаецца Святлана, якая сядзіць поруч.

Лаўка на прыпынку ля Дома ветэранаў таксама не цёплая. Таму студэнтка Крысціна прапануе зрабіць прыпынак з…. падушак.

“Каб мякка было, можа падушкі пакласці. Можа яго круглым зрабіць, з прыгожымі надпісамі, але дакладна не такі дызайн”, — гаворыць Крысціна.

Разам з ёй аўтобуса чакае Кацярына. Яе лаўка задавальняе.

“Лічу, што гэты прыпынак цалкам падыходзіць. А старыя прыпынкі ўжо падрапаныя, стан не вельмі”, — даводзіць Кацярына.

На 53 прыпынкі, разам з мантажом, пойдзе каля 265 тысяч долараў. А ў Мінску больш за 800 прыпынкаў.

Фота 1: злева прыпынак ля Дому ветэранаў, справа ля 2-й лякарні

Фота 2: onliner.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі