Метрапалітэн: Міліцыянтаў на ўсе станцыі не хапае

А затрымліваць правапарушальнікаў павінны простыя пасажыры, каб у міліцыі быў час на рэагаванне.

Пра гэта заявіў галоўны рэвізор КУП “Мінскі метрапалітэн” Аляксандр Салей: "Інфармацыя з камер назірання ідзе ў рэжыме рэальнага часу і адразу трапляе да дзяжурнай па станцыі. Час рэагавання залежыць ад чалавечага фактару. Пакуль чалавек зверне ўвагу... У дзяжурнай па станцыі 6-8 манітораў, дзе выведзены 10-12 камер назірання. Яна на працягу 12 гадзін сочыць за ўсім. Пакуль яна адрэагуе, праходзіць час".

Намеснік начальніка Мінскага метрапалітэна па капітальным будаўніцтве Аляксандр Цімафееў дапаўняе, што пасажыры і самі павінны выказваць грамадзянскую пазіцыю:

Цімафееў: “Дзяжурная па станцыі сочыць за бяспекай руху: як ідуць эскалатары, як электрычкі прыходзяць, а не за бяспекай пасажыраў. А гэта задача наша і ваша, каб пасажыры самі затрымлівалі таго нягодніка, які б’е жанчыну, каб у міліцыі ці службы аховы быў час на рэагаванне”.

Еўрарадыё пацікавілася, якія меры адказнасці прымянілі да дзяжурнай па станцыі і міліцыянта, пры якіх адбыліся нядаўнія бойкі ў метро. На гэта Салей патлумачыў, што дзяжурныя па станцыі — жанчыны і іх баявым мастацтвам не вучаць, а міліцыянтаў проста не хапае на ўсе станцыі метро.

Фота — tut.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі