Майстры капуэйры з Бразіліі: "У Мінску нас пастаянна затрымлівае міліцыя"

Сапраўдны бразільска-беларускі карнавал прайшоў у Мінску. Адчуць Бразілію змог кожны, хто прыйшоў 13-га лютага ў R club.
Адкрыла вечар спявачка з Бразіліі, ужо вядомая ў нашай краіне, Ellen Mendonca. Яна ў Мінску ўжо пяты раз. Менавіта ў Беларусі яна ўпершыню пабачыла снег. 
“Я вельмі люблю беларускую ежу. Я люблю бліны, смятану, тварог, чорны хлеб. Я ўпершыню пабачыла тут снег, мае першыя зімовыя боты я купіла тут. Мне падабаецца Беларусь, не ведаю чаму”.
У Мінск на фестываль прыехалі майстры капуэйры з Бразіліі. У Беларусі бразільцам холадна. Зараз у іх на радзіме карнавал і плюс 30. А яшчэ кажуць, што з-за знешнасці, калі першы раз прыязджалі ў Мінск, іх пастаянна спыняла міліцыя.
"Мне тут вельмі холадна. Бо ў нас у Бразіліі плюс 30, а тут... холадна. Калі я першы раз прыехаў у Мінск, то адчуваў сябе скавана, бо мяне ўвесь час спыняла міліцыя, а зараз усё нармальна".
Для бразільцаў кожны дзень карнавал, а тое што адбываецца раз на год — гэта збольшага паказуха для турыстаў. Таму многія бразільцы рады з'ехаць куды-небудзь, каб падзяліцца сваім драйвам.
"Вы не пабачыце бразільца, які сумны. У нас нават калі чалавек вельмі бедны, ён усё роўна будзе спявяць, танчыць і усміхацца. Для нас кожны дзень фестываль, таму нам вельмі прыемна было прыехаць сюды і падзяліцца сваёй культурай”.

На бразільскай паці можна было сапраўды адчуць сябе, як на карнавале. Танчылі капуэйру, батукаду і самбу. Беларускія дыджэі падрыхтавалі адмысловыя сэты. А паміж імі выступалі майстры капуэры, ды гралі бразільскія матывы. Дарэчы, вядомая песня з фільма "Генералы пясочных кар'ераў" аказалася бразільскай і ў якасці эксперыменту яе заспявалі на партугальскай мове разам са старажытнымі дудамі. 
Праўда сам клуб, дзе праходзіла вечарына, пакідае жадаць лепшага. Адчуць сябе сапраўды свабодным перашкаджалі ахоўнікі, якія назіралі за ўсімі, нібыта ў кожным бачылі злачынцу. Паўсюль адныя забароны, тут нельга паліць, там нельга сядзець.
Карэспандэнту Еўрарадыё ахоўнік "ветліва" патлумачыў, што паліць можна толькі за барам і ў калідоры. Але адказаць на пытанне, чаму ж ён не забараняе паліць кампаніі побач, не змог. Толькі падышоў з імі павітацца. За столікам пасядзець аказалася таксама не магчыма, толькі платна, нягледзячы на vip-квіткі, якія каштавалі даражэй і гарантавалі гэтыя месцы.
Застаецца пажадаць арганізатарам наступным разам выбраць месца, якое будзе больш пасаваць да карнавальнай вечарыны ў стылі свабоды і любові.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі