“Маланка Аркестр” піша танцавальны "бэст" і пласцінку ў духу Тома Ўэйтса

"Маланка Аркестр" рыхтуе адразу два альбомы. Праўда, ніякіх дат рэлізу Леанід Паўлёнак не называе, але распавядае, што будуць яны розныя па характары.

"Першы — больш драйвовы, пругкі альбом, вельмі танцавальны па гуку! А другі альбом, які мы пачынаем запісваць, больш акустычны, празрысты і пяшчотна-кранальны. У ім будзе значна больш інструментаў".

Першы альбом — "Маланка мікс"— складзецца з ужо вядомых песень каманды. У пласцінку музыкі "умясцілі" шэраг музычных стыляў, але саміх песень на ёй будзе няшмат. У адрозненне ад "танцавальнага" альбома, на другім дыску песень, інструментаў і музыкаў будзе значна больш. Так, да прыкладу, Леанід запрасіў узяць удзел у запісе сваю жонку Анаку Шапашнікаву, з якой у гурта атрымліваюцца файныя дуэты. Далучыцца да "Маланкі" і Міхей Насарогаў, які выканае вельмі старую песню Паўлёнка, напісаную музыкам яшчэ ў часы гурта "Переходник".

Акрамя стандартных для "Маланкі" інструментаў, такіх як цымбалы, скрыпка, акардэон, на "празрыстым" альбоме загучаць ксілафон, духавыя ды месцамі з’явіцца нешта падобнае па гуку на Тома Ўэйтса.

"Мне прыемна і цікава пайграць песні крыху ў іншым струмяні, — тлумачыць канцэпцыю гэтай пласцінкі Паўлёнак. — Вось такая неабходнасць. Узнікае жаданне, калі пачынаеш разумець, што зараз гэта будзе добра і адэкватна часу і ўнутранаму стану ў дадзены момант".

Выданне абодвух альбомаў музыкі папярэдзяць выхадам сінглаў, якія з’явяцца ў інтэрнэце. А пасля таго, як праца над пласцінкамі будзе скончаная, музыкі таксама выкладуць іх у Сеціва — такім чынам "Маланка Аркестр" думае пашырыць сваю аўдыторыю. Непасрэдна на фізічных носьбітах альбомы з’явяцца абмежаваным тыражом, хутчэй, для продажу на гастролях, чым у музычных крамах, распавядае Леанід. Запіс абедзвюх пласцінак ажыццяўляецца на студыі "Осмас".

Частку новых песень аркестра можна будзе паслухаць падчас "Канцэрту прыязных мелодый", што адбудзецца ў кавярні "LOFT" 14-га лістапада. На думку музыкаў, імпрэза будзе блізкай па настроі і эмоцыях да таго, што рабілі Ману Чао і Цэзарыя Эвора. Візуальна гэта будзе "канцэрт у чыстым выглядзе", без асаблівай тэатралізацыі. Але без адмысловых дэкарацый ўсё ж не абыйдзецца — сцэну ўпрыгожаць сімваламі качавога жыцця розных краін.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі