Малады салдат паўстаў супраць дзедаўшчыны і трапіў пад следства (фота)

У рэдакцыю Еўрарадыё звярнуўся Алег Бенеш ― бацька салдата, які праходзіць тэрміновую службу. Сын Акім набіў сіняк іншаму саcлужыўцу. Распачалі крымінальную справу. Перад гэтым Акім меў шматлікія канфлікты з “дзядамі” і вырашыў ім супрацьстаяць.

“Салдацкія хваляванні” здарыліся ў часці 30151 неўзабаве пасля “плюшавага дэсанта”. Хоць, па ідэі, у такі час дысцыпліна мусіла быць жалезнай.

У нас у сям’і заведзена па традыцыі служыць у войску, ― распавядае Алег Бенеш, бацька салдата. ― Акім рыхтаваўся да войска ― бегаў кросы, займаўся боксам, барацьбой. Рыхтаваўся быць добрым салдатам. Спачатку, падчас курса маладога байца, усё было нармальна. Пасля, па словах сына, пачалося, як у кіно: начныя пад’ёмы, адцісканні, “кандагарскія масты”. Праз пяць месяцаў яго службы я зразумеў, што сітуацыя абвастраецца: бачыў, што ў сына разбітыя вусны, яго маці заўважыла аднойчы, што пабітая галава. Акім пачаў казаць пра сітуацыю толькі праз пяць месяцаў службы. Аказалася, што ў вайсковай часці былі два прызывы. У старшым ― быў пляменнік высокапастаўленага афіцэра, ён і задаваў тон службы. Усім рулілі салдаты. Спачатку патрабавалі дзяліцца кавай, цыгарэтамі, цукеркамі. Потым пачаліся начныя пад’ёмы. І мой сын спачатку паддаваўся і не ведаў, як дзейнічаць. А ў адзін дзень вырашыў супрацьстаяць і адмовіўся выконваць каманды сяржантаў. Ён хлопец з гонарам: паэт і спартсмен”.

Вайна з “дзядамі”, па словах Алега Бенеша, скончылася крымінальнай справай, якую распачалі… на яго сына.

“Некаторыя салдаты малодшага прызыву пачалі аб’ядноўвацца з Акімам. Гэта здарылася прыкладна ў кастрычніку мінулага года. Іх збіваюць ― яны супраціўляюцца, ― працягвае бацька салдата. — Біліся кожны дзень. Аднойчы ў майго сына забралі гадзіннік. Ён нічога не заяўляў, але праз нейкі час падышоў да аднаго з крыўдзіцеляў і запатрабаваў вярнуць рэч. У выніку яны пабіліся. Падчас бойкі мой сын пасадзіў апаненту фінгал. У выніку маёр, які адказваў за выхаваўчую работу, паабяцаў: калі будзеш даваць “патрэбныя” звесткі, то атрымаеш толькі пракурорскае папярэджанне і нядоўга пасядзіш на гаўптвахце. Але нечакана распачалі крымінальную справу. Пасля гэтага Акім рэзаў праўду-матку і расказваў, што насамрэч адбывалася у часці 30151. Яго пачалі цкаваць. Напрыклад, Акіма выводзілі на пляц перад усімі салдатамі і ганьбілі. Салдаты баяліся з ім размаўляць. Было такое ўражанне, што сына хацелі давесці да самагубства ці падштурхнуць да дэзерцірства”.

“Салдат трапляе ў мясарубку, і не можа паскардзіцца, атрымаць параду”

Акіма Бенеша абвінавачваюць па артыкуле 443 частка 1 Крымінальнага кодэксу (“Парушэнне статутных правіл узаемаадносін паміж ваеннаслужачымі, якія не з’яўляюцца падначаленымі”).

Бацька салдата быў абураны вядзеннем следства. Ён лічыць, што дапытвалі толькі “зручных” сведак і шанцаў абараніцца Акіму не пакінулі.

“Тады я накіраваў скаргі ў Адміністрацыю прэзідэнта і Генпракуратуру, ― працягвае Алег Бенеш. ― Пасля гэтага ў тэрміновым парадку дапыталі некаторых салдат. У прыватнасці, разглядалася справа, калі адзін з “маладых” адмовіўся выконваць загад “дзядоў”, пачаў сябе абараняць. Мой сын і іншыя салдаты з малодшага прызыву аказалі яму падтрымку. У выніку ўсім удзельнікам сітуацыі ― і пацярпеламу, і пляменніку высокапастаўленага афіцэра, і Акіму ― вынеслі пракурорскія папярэджанні. Майму сыну ― за тое, што не даклаў пра сітуацыю кіраўніцтву часці і абараняў “слабага”. Пасля таго, як некаторыя сітуацыі павылазілі, многіх афіцэраў з вайсковай часці перавялі на больш нізкія пасады”.

Еўрарадыё: Дзе цяпер ваш сын?

Алег Бенеш: “Яго перавялі ў іншую часць. Там сітуацыя іншая. Служыцца параўнальна добра. Я разумею, што даказаць невінаватасць Акіма ў судзе будзе няпроста. Але асноўная мая мэта ― іншая. На сайце Генштаба ёсць гарачая лінія. Але атрымаць там нейкую кансультацыю салдату складана. Ад тэлефонаў Камітэта салдацкіх мацярэй і прыёмнай міністра таксама мала сэнсу. Датэлефанавацца туды складана, цяжка разлічваць і на аб’ектыўнасць. Паскардзіцца ваенным ― амаль немагчыма. Салдат не мае з кім параіцца наконт таго, як сябе паводзіць у крытычнай сітуацыі. Я хачу дабіцца таго, каб кожны ваеннаслужачы меў права карыстацца тэлефонам і ў вольны час звяртацца на нармальную гарачую лінію, паведаміць пра бяспраўе ў часці. Салдат у войску можа трапіць у мясарубку і не мае магчымасці звярнуцца па дапамогу. Неабходная нармальная арганізацыя, якая б абараняла правы салдата. У ваенных часцях павінны быць усталяваныя відэакамеры, каб тое, што адбываецца ў казармах, фіксавалася".

Колькасць крымінальных спраў па нестатутных узаемаадносінах скарачаецца?

Спрабуем даведацца пазіцыю праваахоўных органаў па “справе салдата Бенеша”.

Расследаванне па гэтай справе завершанае, ― паведамляе прэс-служба Следчага камітэта. ― Матэрыялы накіраваныя ў суд. СК у цяперашні час крымінальнага працэсу не мае права каментаваць гэтую справу. Пытанні вы павінны задаваць суду”.

Да разгляду справы нічога патлумачыць не можам, ― кажа Дзяніс Малевіч, суддзя Мінскага міжгарнізоннага ваеннага суда. ― Звяртайцеся ў Мінскую міжгарнізонную ваенную пракуратуру, якая справу накіроўвала”.

Пракурору Аляксандру Васілюку распавядаем, што у рэдакцыю звярнуўся бацька салдата Акіма Бенеша, падаў дакументы. Цікавімся асаблівасцямі артыкула, па якім абвінавачваюць салдата.

Аляксандр Васілюк: Артыкул 443… Стоп, пачакайце, там жа тата дакументы паказваў. Вось няхай ён вам прынясе пастанову аб прыцягненні сына ў якасці абвінавачанага, там усё будзе напісана.

Еўрарадыё: А ў вас мы можам некаторыя нюансы ўдакладніць?

Аляксандр Васілюк: А навошта, калі вам чалавек дакументы прыносіць?

Еўрарадыё: Добра, гэта не прынцыпова. Цікавіць вось якое пытанне: паведамляецца, што ў вайсковай часці 30151 быў шэраг выпадкаў нестатутных узаемаадносінаў. Многія людзі атрымалі пракурорскія папярэджанні. Гэта праўда?

Аляксандр Васілюк: А давайце гэта без каментарыяў пакінем.

 

Еўрарадыё: Чаму?

Аляксандр Васілюк: А проста не будзем закранаць сферы пракурорскай дзейнасці.

 

Еўрарадыё: Вынясенні пракурорскіх папярэджанняў у вашай кампетэнцыі. Апроч вас ніхто гэтую інфармацыю не паведаміць.

Аляксандр Васілюк: Зразумела, так. Гэта акт пракурорскага нагляду. Каму я іх выношу, навошта я іх выношу ― гэта крыху не ваша справа.

Еўрарадыё: Як не наша? Мы ж сродак масавай інфармацыі.

Аляксандр Васілюк: У таты пытайцеся, раз ён столькі ведае.

Прэс-сакратар Міністэрства абароны Уладзімір Макараў не меў магчымасці патлумачыць дэталі крымінальнай справы, распачатай у дачыненні да салдата Акіма Бенеша. Але падаў афіцыйную інфармацыю, ці часта ў беларускай арміі здараюцца нестатутныя ўзаемаадносіны.

Уладзімір Макараў: “У цяперашні момант праводзяцца адпаведныя следчыя дзеянні Следчым камітэтам. Гэта ўжо не прэрагатыва ваеннага ведамства. Мы не маем права даваць каментарыі да суда”.

Еўрарадыё: Ці часта бываюць выпадкі нестатутных узаемаадносінаў, як гэта здаралася ў вайсковай часці 30151?

 

Уладзімір Макараў: У мінулым годзе ў Беларусі разглядалася 20 крымінальных спраў па нестатутных узаемаадносінах. Для параўнання, у 2003-м было 99. Адбылося скарачэнне такіх выпадкаў ў пяць разоў. 

Акім Бенеш ішоў у войска па ўласнай волі 

Алег Бенеш падымае пытанне аб тым, каб армія была больш адкрытая і салдат у экстрэмальнай сітуацыі мог атрымаць парады, як дзейнічаць

Падчас курсу маладога байца Акім быў задаволены службай і не сутыкнуўся з дзедаўшчынай

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі