Мабільны тэлефон — "шпіёнская" прылада ці не?

"Гэтыя сродкі былі адпраўленыя на экспертызу і эксперт даў заключэнне", — распавядаюць Еўрарадыё ў гомельскім КДБ. Прадпрымальніка асудзілі на 2 гады ўмоўна за продаж "шпіёнскіх" асадак з маленькай відэакамерай. У сучасных тэлефонах і відэарэгістратарах таксама маленькія, амаль не бачныя камеры. Ці могуць яны лічыцца спецсродкамі для атрымання сакрэтнай інфармацыі?

"Прадстаўленыя вырабы з'яўляюцца электрычнымі прыладамі з функцыяй атрымання і рэгістрацыі аўдыё- і відэаінфармацыі, закамуфляваныя пад шарыкавую аўтаручку. Знаходзяцца ў працоўным стане, з'яўляюцца спецыяльным тэхнічным сродкам, прызначаным для сакрэтнага атрымання інфармацыі. Можа выкарыстоўвацца для сакрэтнага атрымання інфармацыі, бо індыкатар рэжымаў працы знаходзіцца ў корпусе на супрацьлеглым баку ад аб'ектыву і не дае неабходнай інфармацыі аб працы прылады", — піша ў сваім заключэнні эксперт.

У Крымінальным кодэксе знаходзім артыкул, за які асудзілі прадпрымальніка. Але вызначэння, што такое "шпіёнскія" прылады, няма.

Эксперты Крыміналістычнага цэнтра ўдакладняюць, што абарачэнне такіх тавараў ліцэнзуе КДБ:

"Там праводзяцца даследаванні, адносіцца ці не адносіцца да сродкаў сакрэтнага атрымання інфармацыі".

Часткова апісвае гэтыя "шпіёнскія" прылады пастанова Дзяржваенпраму Беларусі. Але найбольш дакладнае апісанне “сродкаў для сакрэтнага атрымання інфармацыі” знаходзім у дакументах Мытнага саюза: відэа- і фотакамеры закамуфляваныя пад прадметы іншага прызначэння, ці з аб'ектывам "pin-hole" — гэта з дыяметрам меншым за 2 мм.

Побач з базавымі станцыямі і радыёперадатчыкамі ў гэтым спісе апынуліся дыктафоны, няздольныя працаваць без знешняга сілкавання, кішэнныя магнітафоны, партатыўныя камеры і камеры для фотастужкі не шырэй за 35 мм!

Магчыма, гэтыя "шпіёнскія" прылады, якімі карысталіся разведчыкі ў XX стагоддзі, проста забылі прыбраць са спісаў? Але ў сучасных тэлефонах і відэарэгістратарах маленькія, амаль незаўважныя камеры. У Мінску без складанасцяў знаходзім магчымасць іх набыць. На сайце чырвоным напісана, што прылады не "шпіёнскія" і легальныя, бо маюць індыкатар рэжыму працы.

"Яны не пад што не закамуфляваныя і не забароненыя. А таго чалавека асудзілі за схаваныя камеры, убудаваныя ў бірульку. Гэта лічыцца спецтэхнікай. Яны калі з Кітая ідуць, на каробках маркіроўка "Security", — распавядае прадавец рэгістратараў.

Раней "шпіёнскія" забавы ў выглядзе асадак і бірулек можна было проста купіць у Беларусі, цяпер шмат абвестак засталося на расійскіх сайтах.

У КДБ тлумачаць, што канкрэтнага спісу "шпіёнскіх" сродкаў няма і ўсё вызначае экспертыза. Але галоўная прыкмета — закамуфляванасць пад іншыя прылады. Таму мабільны тэлефон такім не палічаць. За продаж без ліцэнзіі спецсродкаў можна атрымаць нават не ўмоўны тэрмін. Але набываць для ўласнага карыстання — не злачынства. Праўда, усё залежыць ад мэтаў. За збор звестак, якія складаюць асабістую ці сямейную таямніцу, з дапамогай такіх сродкаў пакараюць паводле артыкулу 179 — да трох гадоў!

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі