Мінінфармацыі: “Вырашылі зараз — і ўсё! Нічым гэта не выклікана"

З пазоўнай заявай аб спыненні выхада газет “Наша ніва” і “Народная воля” Міністэрства інфармацыі звярнулася ў Вышэйшы гаспадарчы суд 25 красавіка. Але як паведаміў Еўрарадыё галоўны рэдактар НН Андрэй Скурко, даведаўся ён пра гэта толькі ўдзень 27 красавіка. З паведамлення афіцыйнага агенцтва БЕЛТА. І зараз, кажа, рэдакцыя будзе адстойваць права на жыццё старэйшай беларускай газеты ў судзе.

Андрэй Скурко: “Сам брэнд “Нашай Нівы” старэйшы за брэнд Міністэрства інфармацыі. І ён усе гэтыя гады выжываў неяк. У нас такая пазіцыя, што мы вырашаем праблемы па меры іх паступлення. Вось у нас зараз ёсць праблема — мы будзем яе вырашаць. Як сітуацыя будзе развівацца далей — у залежнасці ад гэтага будуць нейкія наступныя крокі прадпрымацца”.

Нагадаем, сваё апошняе папярэджанне “Наша ніва” атрымала 14 красавіка. Падставай таму стала публікацыя на старонках газеты недакладнай інфармацыі аб тым, што адна з ахвяраў тэракту 11 красавіка нібыта знаходзілася на станцыі да позняга вечара. А 15 красавіка было вынесенае папярэджанне на адрас рэдакцыі газеты "Народная воля" "ў сувязі з распаўсюджваннем выданнем звестак, якія не адпавядаюць рэчаіснасці і ганьбяць дзелавую рэпутацыю Белтэлерадыёкампаніі".

Чаму ў Вышэйшы гаспадарчы суд з патрабаваннем аб спыненні выхаду газет Мінінфармацыі звярнулася толькі зараз, намеснік начальніка прававога ўпраўлення Міністэрства інфармацыі Галіна Пархімовіч патлумачыла проста:

“Вырашылі зараз — і ўсё! Нічым гэта не выклікана, проста вырашылі зараз”, — патлумачыла дзеянні міністэрства намесніца прававога ўпраўлення.

І дадала, што звяртацца ў суд з патрабаваннем аб спыненні выхада “Нашай нівы” і “Народнай волі” ў іх былі ўсе падставы. Па яе словах, цягам года “Народная воля” атрымала 4 папярэджанні, “Наша ніва” — тры. А для спынення выхада газеты дастаткова, у адпаведнасці з законам “Аб СМІ”, трох папярэджанняў.

Галіна Пархімовіч: “Для гэтага ёсць падставы, рашэнне было прынятае — і такім чынам паступілі. Па-мойму чатыры папярэджанні было цягам года апошняга (у “Народнай волі” — Еўрарадыё), а ў іх (“Нашай нівы” — Еўрарадыё) — тры. Баюся памыліцца, гэта трэба паглядзець статыстыку — гэта я вам “на вока” сказала”.

Сёння наклад “Нашай нівы” складае больш за 7 тысяч асобнікаў. З іх амаль палова распаўсюджваецца па падпісцы. Але падпісчыкаў Андрэй Скурко просіць не хвалявацца: маўляў, газета будзе ўсё адно выходзіць.

Андрэй Скурко: “Я думаю, што газета будзе выходзіць далей. Думаю, што не дойдзе да брутальнага закрыцця двух буйнейшых незалежных газет. Бо для ўладных структур кантролю за полем СМІ — гэта шлях у нікуды”.

У сваю чаргу галоўны рэдактар “Народнай волі” Іосіф Сярэдзіч заявіў, што журналісты рыхтуюць чарговы нумар газеты, не зважаючы ні на што. І параіў Мінінфармацыі, калі таму хочацца кагосьці закрыць за публікацыю хлусні, то няхай пачнуць з дзяржаўнай прэсы:

"Мы рыхтуем чарговы нумар — востры, прынцыповы. Мы нармалёва працуем, калі нас заўважаюць. Не закрываюць жа "Советскую Белоруссию" або "Рэспубліку".

Рашэнне Міністэрства інфармацыі Сярэдзіч ацэньвае як "за межамі здаровага розуму".

Што тычыцца таго, хто будзе прадстаўляць інтарэсы Мінінфармацыі падчас суда, то, кажа Галіна Пархімовіч, хто будзе з супрацоўнікаў іх упраўлення вольны, таго і накіруюць.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі