Літва аплаціла рэабілітацыю пацярпелым ад тэракта ў Мінску

111018 Rugajn Vyplaty.mp3

Таццяна Кацуба атрымала кантузію, страсенне мозгу, шматлікія раненні цела і твару, двухбаковы разрыў барабанных перапонак. Таццяна ацаніла матэрыяльную шкоду амаль ў 4 мільёны, але грошы гэтыя хутчэй за ўсё не вернуцца.


"Мне сказалі так, што гэта трэба для абвінавачання. Грошы гэтыя мне не вярнуцца, проста каб да матэрыялаў справы падшыць нанесеную шкоду".


Аднак, кампенсацыю яна атрымала па страхоўцы і з дабрачынных рахункаў.


"Фонд сацыяльнай абароны, потым добраахвотны рахунак Гарвыканкама, потым страхоўка "Белэксімгарант" за тое, што на транспарце пацярпеў. І ў мяне яшчэ быў адчынены дабрачынны рахунак ад працы. Ад працы грошай атрымалася паболей, чым ад дзяржавы".


Мінскі метрапалітэн мае абавязак страхавання грамадзянскай адказнасці перавозчыка перад пасажырамі. Страхоўка выплачваецца ў залежнасці ад ступені цяжкасці. У "Белэксімгарант" Еўрарадыё патлумачылі, што памер страхавога пакрыцця залежыць ад ступені цяжкасці цялесных пашкоджанняў, якая ўсталёўваецца Дзяржаўнай службай судова-медыцынскіх экспертыз.


"У залежнасці ад ступені цяжкасці, лёгкае цялеснае пашкоджанне, якое пацягнула кароткачасовае расстройства здароўя - 300 еўра, 600 еўра - лёгкае цялеснае пашкоджанне, якое пацягнула кароткае расстройства здароўя. 1800 еўра - менш цяжкае пашкоджанне. Цяжкае, ці смерць - 3000 еўра. Не адзін пацярпелы не застаўся без выплат".


Праўда, плацілі не ў валюце, а па курсе Нацбанка на момант выплаты. Таццяна атрымала 1800 еўра страхоўкі, а таксама 6 мільёнаў 600 тысяч з дабрачыннага рахунка, які адчыніў гарвыканкам. Дзяржава ў асобе Фонду сацыяльнай абароны дала 1 мільён 750 тысяч. А вось на працы сабралі каля 5 мільёнаў.


Пацярпелы Яўген Хойдым атрымаў такія ж грошы ў выглядзе страхоўкі.


"Міністэрства спачатку заплаціла 1 мільён 700 тысяч, а потым страхоўка 1800 еўра. Але я больш на таблеткі патраціў, на лячэнне. У мяне ўвесь твар у шрамах. Я пластыр набываў, ён вельмі дорага каштуе. Там каля 200 тысяч за пару сантыметраў, каб шрамы праходзілі".


Таццяна Кацуба таксама шмат патраціла на лячэнне, але кажа, што многае ўжо не вярнуць за грошы.


"Нешта ў здароўі не вярнуць за кошт грошай. І гэта ніколі ў жыцці не акупіцца. Згублены зрок на 70 працэнтаў на абодва вока. Яго ніхто мне не верне, ні аперацыя, нішто. І зрабіць мне нічога не могуць. Я кепска чую, сказалі, што немагчыма нешта зрабіць. Шрамы на твары і на целе таксама не зажывуць з дапамогай грошай".


Дарэчы, сваякі загінулых у тэракце атрымалі грошы толькі 11 кастрычніка, калі ўступілі ў права на спадчыну. За гэтыя паўгода….


Зараз пацярпелым прапануюць пуцёўкі і рэабілітацыі. Таццяна нядаўна вярнулася з Літвы, з рэабілітацыі, якую аплаціла… літоўскае Міністэрства аховы здароўя.


"Я толькі што вярнулася з Літвы пасля рэабілітацыі. Я была ў спісе на рэабілітацыю ў Літве, там трошкі дапамаглі, але гэта аплаціў літоўскі бок".


Як паведамілі Еўрарадыё ў Мінгарвыканкаме на дабрачынным рахунку засталося яшчэ 2 мільярды 248 мільёнаў 309 тысяч 431 рубель. Яны разлічаныя на тых, хто яшчэ будзе звяртацца па дапамогу - людзі, якія атрымалі інваліднасць і стан якіх не паляпшаецца. Усяго было сабрана больш за 4,5 мільярды рублёў, 3 тысячы долараў і каля мільёна еўра.


Як распавялі Еўрарадыё ў камітэце па сацыяльнай абароне, згодна з указам прэзідэнта, аперацыі, медыкаменты, лячэнне і аздараўленне, для пацярпелых бясплатнае.

Фота: bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі