Літоўскія фатографы падтрымалі калег з Беларусі

Літоўскія фатографы ў знак падтрымкі сваіх калег з Беларусі зладзілі сімвалічную акцыю. Яны сфатаграфаваліся, схаваўшы твары за альбомамі “Прэс-фота Беларусі 2010”, паведамляе “Наша ніва”. “Мы не хаваем свае твары, мы хочам, каб фатаграфіі мелі права “казаць””, — пішуць удзельнікі суполкі Belarus Pressphoto support у фэйсбуку.

13 траўня ў Мінску і Вільні пройдуць цырымоніі ўзнагароджвання пераможцаў нацыянальных конкурсаў прэс-фатаграфіі. У літоўскай сталіцы ўрачыстасці ўжо 15 год ладзіць Клуб прэс-фатаграфіі Літвы. Сёння цырымонія пройдзе ў гарадской ратушы. У Беларусі незалежны конкурс прэс-фатаграфіі ладзіцца другі год. І сёлета яго пераможцаў будуць узнагароджваць пад адкрытым небам.

Першапачаткова цырымонію ўзнагароджання пераможцаў конкурсу і дэманстрацыю работ пераможцаў планавалася правесці ў Музеі гісторыі Мінска. Аднак кіраўніцтва ўстановы, азнаёміўшыся з працамі пераможцаў, было “здзіўлена нізкім эстэтычным узроўнем здымкаў пераможцаў” і адмовіла ў памяшканні. Таму мерапрыемства пройдзе ва ўнутраным двары фотастудыі “Знята”.