Літоўскія эксперты: Беларуская АЭС пагражае знішчэннем цэлага народа

Грамадскія слуханні па праекце Астравецкай атамнай станцыі, якія прайшлі ў Вільні 2 сакавіка, скончыліся скандалам. Удзельнікі сустрэчы заявілі, што мерапрыемства праводзілася выключна дзеля галачкі. А прапанаваная афіцыйнай дэлегацыяй з Мінску Справаздача аб уплыве АЭС была раскрытыкаваная з-за мноства несупадзенняў і супярэчнасцяў у тэксце.

Ужо першы выступ дакладчыка з Мінска быў перарваны абуранай аўдыторыяй амаль на гадзіну.

Як патлумачыў Еўрарадыё старшыня экалагічнай арганізацыі “Атгая” Саўлюс Пікшрыс, удзельнікаў сустрэчы абурылі шматлікія разыходжанні зместу прамовы з тэкстам прадстаўленай Справаздачы аб уплыве беларускай АЭС. Зарыентавацца, каму верыць: паперы ці чалавеку з мікрафонам — было немагчыма.

Саўлюс Пікшрыс: “Самі ўдзельнікі афіцыйнай беларускай дэлегацыі — іх там было 11 чалавек — блыталіся нават у такіх лічбах: адзін кажа 50, другі кажа 40, а ў справаздачы і ўвогуле іншая лічба — ад Вільні да гэтай атамнай станцыі. Ці сапраўды адбыліся гэтыя слуханні паводле Канвенцыі Espoo? Усе вырашылі, што не, бо не атрымалі аніякіх адказаў. І гэта было арганізавана не для таго, каб інфармаваць народ, а для таго, каб галачкі паставіць, што слуханні адбыліся”.

З літоўскім калегам пагаджаецца і эксперт расійскай экалагічнай ініцыятывы Андрэй Ажароўскі. Спецыяліст паціскае плячыма: аўтары праекту былі папросту непадрыхтаваныя да размовы па сутнасці альбо свядома не хацелі адказваць на заўвагі і пытанні.

Андрэй Ажароўскі: “Літоўцам былі абсалютна не цікавыя нейкія прапагандысцкія лозунгі і запэўніванні ў тым, што атамная станцыя абсалютна бяспечная і што яна ніколі не ўзарвецца, што аніякіх праблем няма — літоўцы хацелі ведаць праўду. А распрацоўшчыкі праекту, відаць, не здолелі гэта сказаць”.

Яшчэ адной прычынай канфлікту стала якасць перакладу выступаў на літоўскую мову. Перакладчыца з Мінска тлумачыла сэнс выказванняў агульнымі словамі, прапускаючы тэхналагічныя падрабязнасці. Пры гэтым у зале знаходзілася шмат мясцовай моладзі. Каля траціны прысутных заявілі пра тое, што не валодаюць рускай мовай і патрабуюць якаснага перакладу. Андрэй Ажароўскі дагэтуль у шоку ад рэакцыі на заўвагу прысутных з боку як арганізатараў сустрэчы, гэтак і ад дэлегацыі беларускіх атамшчыкаў.

Андрэй Ажароўскі: “Абсалютна здзеклівая прапанова была ад аднаго з беларускіх атамшчыкаў: маўляў, давайце мы вам усё патлумачым у двух словах, літаральна на пальцах — як для хатніх гаспадынь. Зала, натуральна, адмовілася ад гэтага, бо людзі хацелі разабрацца ў сутнасці справы”.

Калі ад гасцей з Мінска нічога добрага ўдзельнікі слуханняў і не чакалі, то прынамсі вельмі дзіўна выглядала пазіцыя арганізатараў мерапрыемства — Міністэрства аховы прыроды Літвы. Акрамя абранага нязручнага часу правядзення сустрэчы ды выбару ўніверсітэцкай аўдыторыі на ўскрайку горада, чыноўнікі не парупіліся пра хоць нейкае сур’ёзнае анансаванне мерапрыемства. А ўжо напачатку слуханняў арганізатары адмовіліся весці пратакол пасяджэння. Аднак пасля спрэчак з удзельнікамі яны ўсё-ткі пагадзіліся скласці дакумент.

Што ж да аўтараў праекту АЭС, то яны не здолелі нават элементарна падрыхтавацца да размовы з літоўскай аўдыторыяй. Намесніца кіраўніка камісіі развіцця пры Віленскай гарадской Радзе Раса Навіцкене ў гутарцы з Еўрарадыё заявіла, што Вільня — гэта не Астравец і што тут амапаўцамі нікога не прымусіш слухаць хлусню.

Раса Навіцкене: “Напрыклад, радыусы зон рэагавання — Літву найбольш у гэтых радыусах закранае адлегласць ад 25 да 50 кіламетраў. У гэтай табліцы, якую яны прадставілі, менавіта на адлегласці 25-50 кіламетраў увогуле няма аніякага ўплыву! Ад 50 да 250 кіламетраў зноўку ёсць. А вось там, дзе нам актуальна: ад нашай мяжы да нашай сталіцы — нібыта зусім нічога, чыстае неба і ўсё ў парадку!”

Па словах Расы Навіцкіне, у выпадку аварыі астравецкай АЭС, будзе забруджана 85% тэрыторыі Літвы.

Раса Навіцкене: “У выпадку аварыі альбо выбуху з пашкоджаннем рэактара, цалкам радыеактыўная рака ідзе па ўсёй тэрыторыі Літвы і забруджвае ўсё. І плюс 85 адсоткаў нашай краіны уключна з нашай сталіцай, будзе пакрытае радыяцыяй. Дык што нам зараз, рабіць нейкі генафонд дзеля захавання Літвы як нацыянальнасці? Ці як?”

Удзельнікі грамадскіх слуханняў у Вільні стварылі ўласную працоўную групу, мэта якой — даць уласную ацэнку мерапрыемству і даслаць яе ў нацыянальныя Міністэрствы па ахове прыроды і замежных спраў, а таксама ў Сейм, структуры Еўрасаюза, Орхускі камітэт і камітэт Espoo. У дакуменце аўтары звароту адзначаць тое, што дадзеныя слуханні нельга лічыць легітымнымі, і запатрабуюць правядзення новых. Саўлюс Пікшрыс, які ўзначальвае працоўную групу, лічыць, што Літва дасць негатыўную ацэнку астравецкай АЭС.

Саўлюс Пікшрыс: “Гэта цалкам магчыма, што літоўскі бок дасць негатыўную ацэнку гэтага праекту. Міністэрства паставіць мноства тэхнічных пытанняў, таму што, напрыклад, няма раздзелу пра захаванне адпрацаванага ядзернага паліва і адкідаў. Альбо тое, што заніжаныя нормы забруджвання і праектнай, і па-запраектнай аварыі. Мы налічылі больш за 20 такіх сур’ёзных пунктаў, паводле якіх гэтая Справаздача з’яўляецца папросту нейкай дзіцячай паперчынай, а не сапраўды тэхнічным дакументам, які ілюструе сутнасць такога сур’ёзнага аб’екту”.


Фота з http://s53.radikal.ru/

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі