Лазавік мяняе электрычны чайнік на звычайны — так эканоміць

130322_savich_ekanomia.mp3

Калі кожная сям’я зэканоміць хаця б 10% рэсурсаў, атрымаецца велізарная эканомія, гаворыць прэм'ер-міністр. Кіруюся логікай, што энергетыкі перш за ўсё ведаюць, як эканоміць. Але даведацца сакрэт эканоміі ў Мінэнергетыкі няпроста — усе ў камандзіроўках.

Не адкрываюць мне таямніцу эканоміі і ў “Белэнерга”:

“У нас ёсць людзі, якія гэту тэму вам раскажуць, — гэта прэс-сакратар. Што асабіста мы не падрыхтаваныя пра гэта гаварыць”.

І гэта "Белэнерга", якое ўвяло для беларусаў тыя самыя нормы па электрычнасці — па 150 ці 250 кілават у месяц.

“Трэба, каб усё было па парадку, прысылайце запыт. Каб намесніка падрыхтавалі перад размовай з вамі”, — тлумачаць мне ў прыёмнай міністра эканомікі Мікалая Снапкова.

Напрамілы Бог! Ды чаго рыхтаваць! 

Не можа адказаць, ці ўкладваецца ў нормы па вадзе і святле, і мэр сталіцы Мікалай Ладуцька. Замест гэтага ён спрабуе вучыць мяне эканоміі.

Мікалай Ладуцька: "Пытанне стаіць у плоскасці прынятага рашэння — звярнуць увагу нас як жыхароў краіны на неабходнасць эканомнага выкарыстання тых магчымасцяў, якія мы з вамі тут стварылі, якія мы з вамі зарабілі! Гэта не гаворыць пра тое, што не трэба карыстацца вадой ці святлом. Трэба, каб усё было: і святло, і цяпло, і вада — але мы павінны быць беражлівымі".

Другі сакратар БРСМ Альбіна Сычэўская кажа, што паўсюль у доме паставіла энергазберагальныя лямпачкі і без патрэбы вады не лье.

"І ведаеце, я ўкладваюся ў нормы. Мы проста бескантрольна лілі ваду і не ведалі, колькі спажываем. А аказалася, яшчэ і з ліхам хапае!".

Далей за ўсіх у эканоміі і не ў тэорыі, а на практыцы пайшоў сакратар Цэнтравыбаркама Мікалай Лазавік. Хоць спачатку чыноўнік і не можа ўспомніць, на чым эканоміць яго сям’я, — гэта прэрагатыва жонкі.

“Заўважыла жонка неяк, што за норму па вадзе капейкі, а звыш нормы — у некалькі разоў даражэй”.

Але нечакана Мікалай Лазавік узгадвае, што ў сям’і пачалі эканоміць святло!

“Жонка чайнік новы купіла, не электрычны, а звычайны — на пліту”.

Памочнік міністра Жыллёва-камунальнай гаспадаркі Валерый Картэль, паводле яго слоў, у нормы, даведзеныя дзяржавай, укладваецца, эканоміць праз лямпачкі і ваду.

“Ва ўсіх супрацоўнікаў ЖКГ у крыві павінна быць эканомія!”, — жалезна кажа мне памочнік міністра.

Вось толькі пастаянны рост тарыфаў на камунальныя паслугі ніяк не эканоміць грошы беларусаў. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі