Кожны чацвёрты студэнт Кансерваторыі – з Кітая

"Мы вучым вакал. Ужо другі курс. У Беларусі музыка вельмі добрая. Што рабіць і чым будзем займацца потым, мы яшчэ не ведаем. Але, натуральна, паедзем дадому", — гавораць кітайскія студэнты, якія вучацца ў беларускай Акадэміі музыкі.

120606 Rugajn China.mp3

Усяго тут навучаецца 800 чалавек, каля 200 з іх – кітайцы. Месцаў у інтэрнаце 696. Каб больш чалавек засяліць і займаць менш месца ў пакоях, ставяць двух’ярусныя ложкі. Таксама для замежных студэнтаў зрабілі надпісы па-кітайску.

"У пакоях на 4 чалавекі стаяць, а ў дзвюшках аднаярусныя. У асноўным першакурснікаў выстаўляюць на другі план, а другакурснікаў засяляюць найперш у дзвюшкі", – распавядае студэнт другога курса.

"Іх даўно ставяць, з нашага першага курса яны стаяць, двух’ярусныя ложкі, яны нармальныя такія", — дадаюць студэнткі 4 курса.

Цікава, што раней у інтэрнаце было 100 працэнтаў засялення, а цяпер чарга. У выхаваўчым аддзеле тлумачаць, чаму.

"У гэтым годзе здарылася так, што ў нас зачыніліся філіялы ў абласных гарадах. Студэнты, якія пажадалі давучвацца ў Мінску, прыехалі сюды, іх было каля 60 чалавек. У выніку ў нас з'явіўся невялікі дыфіцыт месцаў".

Некаторых засялілі ў інтэрнаты іншых ВНУ. Некаторыя чакаюць чаргі, калі з'яўляецца месца, іх засяляюць. А вось кітайцаў засялілі ўсіх. У Акадэміі расказваюць, што найбольш замежных студэнтаў на спецыяльнасці “фартэпіяна” і “вакал”.

"Найбольш распаўсюджаныя – фартэпіяна і вакал. Флейтысты, духавікі часта сустракаюцца, – распавядаюць ў навучальным аддзеле. – На кафедры народных струнных інструментаў у нас няма кітайскіх студэнтаў. Ёсць толькі на баяне і акардэоне".

Каля Акадэміі сустракаем студэнтаў з Кітая, і ў асноўным, тых, хто вучыцца на вакале. Кажуць, што музычная школа ў Беларусі добрая, таму сюды і паехалі.

"Мне падабаецца, інакш бы я не захацеў паехаць сюды. Мяне адправілі сюды з нашага ўніверсітэта з Кітая, па спецыяльнасці “спевы”. Я ужо тут 5 гадоў. З беларускіх кампазітараў ведаю Пукста, Багатырова. Рускіх шмат вядомых у свеце. Рахманінаў, Чайкоўскі, Пракоф'еў... ну і гэтак далей, шмат вядомых такіх. Я спяваю кіпелаўскія песні, “Арыю”. Яшчэ беларускую, амаль народную песню. Называецца "Шумныя бярозы", — распавядае студэнт з Кітая.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі