Косця "Грым" упершыню заспяваў не па-руску (+відэа!)

Вакаліст расійскага гурта "Братья Грим" Косця Бурдаеў завітаў у беларускую сталіцу па некалькіх прычынах: запісаць сумесную з "У нескладовым" песню "Станцыя", паўдзельнічаць у прэзентацыі гэтай песні ды зняць кліп на твор "Алілуя" з уласнага рэпертуару.

Косця Бурдаеў

Косця Бурдаеў: "Так, спраўды, у гэты прыезд у Мінск у нас вельмі шмат справаў - мала таго, што мы запісваем сумесную песню на беларускай мове. Гэта мой дэбют, я ўпершыню спяваю песню на няроднай мове. Радуе, што ёю стала беларуская мова. Ну і да таго ж, мы здымаем у Мінску кліп на адну з песень апошняга альбома "Братьев Грим" "Крылья Титана". Вынікам гэтага супрацоўніцтва будзе песня і наш новы кліп".

Што тычыцца вымаўлення ды фанетычных асаблівасцяў, спраўляецца з беларускай мовай Косця проста. Да таго ж, па словах артыста, яму заўжды было цікава дакрануцца да славянскіх моваў:

Косця Бурдаеў: "Як высветлілася, гэта не так і цяжка, у нас агульныя карані! І прамаўляць словы на мове проста. А чым больш дакранаешся да славянскіх моваў, тым больш разумееш сваю родную. У нас вельмі шмат аналогій. А ў беларускай мове больш стараславянскіх каранёў, чым у рускай. Калі Рома даслаў мне песню, і я яе паслухаў, гэты эксперымент мне падаўся цікавым. Нас звязвае сяброўства. І я заўжды вельмі нават "ЗА" разнастайныя дуэты".

Раман Арлоў і Косця Бурдаеў 

Так, гэтым дуэтам Косця спадзяецца "ускалыхнуць" увагу расіян да беларускай мовы.

Косця Бурдаеў: Расіі, напрыклад, даўно добра ведаюць і любяць такія украінскія гурты, як "Океан Эльзі" і "Воплі Відоплясова". І творчасць беларускага гурта таксама павінна быць цікавай для іх. Я лічу, што мы павінны абменьвацца і павінны адно з адным "творча" сябраваць. Абавязкова!"


З цяжкасцямі пры запісу песні музыканты таксама не сутыкнуліся. Як адзначыў Аляксандр Памідораў, які правёў увесь дзень у студыі разам з Косцем і іншымі музыкантамі, працэс ішоў вельмі хутка, а  Косця адразу ўключыўся ў мову. У выніку новая песня была запісана прыкладна за 40 хвілінаў, астатні час пайшоў на "навядзенне прыгажосці".

"Але гэтым я не хачу сказаць, што гэта была такая просценькая праца: прыехалі, плюнулі ў мікрафончык, і атрымалася песня", – удакладняе Аляксандр.

Яшчэ адным сюрпрызам ад "У нескладовага" стала тое, што да ўдзелу ў "мульцівакальным" праекце далучылася Вераніка Круглова.  Пакуль у Веранікі няма "сваёй" сольнай песні, але яна возьме ўдзел у выкананні некаторых кампазіцый.

"У нашых планах з Веранікай  запісаць 2 цудоўныя песні, - абяцае Раман Арлоў.Мы спадзяемся зрабіць гэта цягам 2011 года. І таксама спадзяемся, што нашыя канцэрты будуць адбывацца не толькі ў Мінску, але і ў Берліне, і ў Маскве".

Паслухаць песню можна тут.



Нагадаем, што прэзентацыя сінгла "Станцыя" адбудзецца 22 чэрвеня ў клубе "Мулен Руж Show".  Адмысловы госць вечара - гурт "Братья Грим"




Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі