Колькі каштуе жыццё беларуса?

130327_savich_strahouka.mp3

Беларус смяротны, але гэта толькi паўбяды. Дрэнна, што ён раптоўна смяротны! А добра, што ў выпадку раптоўнай смерці беларуса яго сваякам належыць кампенсацыя. 


Толькі вось якая? Колькі каштуе жыццё беларуса, не ведаюць ні ў Міністэрстве аховы здароўя, ні ў Фондзе заработнай платы, ні ў аддзеле страхавання жыцця “Белдзяржстраха”. Паўсюль перапытваюць і здзіўляюцца.


У Міністэрстве сацыяльнай абароны пытанню, як можна ацаніць жыццё беларусаў, здзіўляюцца:


“Я нават не ведаю... Павінен быць крытэрый ацэнкі. Калі гэта страхавыя выпадкі — у “Белдзяржстрах”, калі пенсійныя — у Пенсійны фонд”.


Кошт чалавечага жыцця з пункту гледжання “Белдзярстраха” залежыць ад таго, страхуецца чалавек добраахвотна ці падпадае пад абавязковае страхаванне.


Супрацоўнік “Белдзярстраха”: “Абавязковае страхаванне — гэта, у асноўным, у прамысловасці. Калі з чалавекам нешта здараецца на працы, сума страхавання адна і не залежыць ад полу чалавека”.


У аддзеле выплат тлумачаць складаны механізм вылічэння:


“Памеру ў нас не устаноўлена. У нас лічыцца заробак за 12 месяцаў да няшчаснага выпадку. Кожны месяц дзеліцца на сярэдні па краіне і вылічваецца каэфіцыент”.


Атрымліваецца, кошт жыцця чалавека залежыць ад заробку? Страхаўшчыкі чытаюць мае думкі:


“Калі ўзяць два чалавекі — начальніка і прыбіральшчыцу — у каго выплаты будуць большымі? У начальніка! Бо ў яго вышэйшы заробак!”


Тут дадаюць, што страхавой выплаты пры гібелі чалавека на прадпрыемстве бацькі загінулага могуць і не дачакацца.


“Згодна з 530-м указам, кампенсацыю атрымліваюць людзі, якія маюць на гэта права. Пры страце кармільца непаўналетнім дзецям, жонцы адзін раз выплачваюць. А бацькам — толькі калі пенсія ў іх ніжэйшая за пражытковы мінімум, але зараз такіх пенсій няма”.


Зусім інакш ацэньваюць людзей пры добраахвотным страхаванні. Сумы тут самыя розныя, але ёсць шэраг умоў. У аддзеле добраахвотнага страхавання іх тлумачаць. Жанчына таннейшая за мужчыну, а хлопчыкі даражэйшыя за дзяўчынак! І чым старэйшы чалавек, тым большыя атрымаюцца выплаты.


“Гэта праз тое, што ў мужчын жыццё больш складанае, і яны больш слабыя. Таму і плацяць болей”.


Калі я застрахую сваё жыццё на 3 гады на 5 тысяч долараў, штомесяц мне трэба будзе выплачваць “Белдзяржстраху” 141 долар. 5 тысяч долараў і назбіраную суму выплацяць родным у выпадку няшчасця. А вось мужчыну майго ж узросту давядзецца плаціць 143 долары ў месяц. 


Між тым, кошт жыцця расіяніна пры гібелі, згодна з апытаннем "Росдзяржстраха", складае 3,6 мільёна рублёў. Ведамствы ЗША і ЕС ацэньваюць жыццё ў 5,8 мільёна долараў і 3,1 мільёна еўра адпаведна.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі