“Киноварка” бясплатна здыме сапраўднае кіно па вашым сцэнарыі

У мінулым годзе ідэя кінафоруму “Киноварка” спантанна ўзнікла ва Ўладзіміра Максімкава, рэжысёра і прадзюсера тэлекампаніі “Карамболь”. Максімкаву моцна захацелася, каб у Беларусі адбываўся нармальны “двіжняк”, бо, на яго думку, “калі з камерцыйным кіно тугавата, то перспектывы ёсць у некамерцыйнага кіно”.


Сёлета фестываль адбываецца ў другі раз, ён пашыраецца і, акрамя відэарэалізацыі ідэй, прапаноўвае ўдзельнікам новыя, больш сур’ёзныя магчымасці. Спрабуючы падкупіць журналістаў каробачкай патрыятычных цукерак “Беларусачка” Уладзімір Максімкаў распавёў падрабязнасці на прэс-канферэнцыі.

Уладзімір Максімкаў: “Мы прыдумалі праект “Киноварка” і, шчыра кажучы, думалі, што гэта будзе проста вялікая гульня, нешта кшталту чарговага хэпенінгу. Але гэта выклікала вялікую цікавасць і ў мінулым годзе мы атрымалі каля 130 заяў на ўдзел”.

Усім тым, хто хацеў бы зняць сапраўдны фільм, але не можа гэтага зрабіць, тэлекампанія “Карамболь” прапанавала свае паслугі.

У.М.: “Карамболь” — гэта прафесійна абсталяваная кампанія. Мы прапанавалі ўсім тым, хто не можа сам здымаць кіно, дасылаць нам свае ідэі. Ідэі, якія нам падабаліся, мы адбіралі і дапамагалі аўтарам арганізоўваць здымачны працэс. Выдзялялі тэхніку, аператараў, святло. Калі трэба, кансультавалі па здымках, рабілі прафесійны мантаж і ў выніку атрымоўвалі тэхнічна неблагія гатовыя працы.У творчасць мы не лезлі прынцыпова. Творчасць — гэта прэрагатыва аўтара. У гэтым годзе мы працягваем працаваць ў такім жа фармаце, таму што гэта выклікала вялікую цікавасць”.

Сёлета прынцып супрацоўніцтва не змяніўся: вы дасылаеце сваю геніяльную ідэю, а “Киноварка” яе рэалізуе. Але цяпер умовы фестывалю крыху іншыя.

У.М.: “Змянілася не многае. Мы толькі павялічылі магчымы хронаметраж фільмаў, таму што ў мінулым годзе сутыкнуліся з цудоўнымі фільмамі, якія выходзілі за межы дзесяціхвіліннага фармату”.

Такім чынам, цяпер відэаролік можа цягнуцца ад некалькіх секунд да трыццаці хвілін. Што тычыцца тэмы форуму, то яна звужаецца да спрадвечных сусветных пытанняў.

У.М.: “Мне чамусьці хочацца, каб гэта была нейкая агульначалавечая тэма, звязаная з экалогіяй душы, цела і прыроды. Тут і пра секс можна гаварыць, і пра наркотыкі і пра ўсё, што заўгодна. Да таго ж, я ў глыбіні душы антыглабаліст і страшна хачу ў гэтым сэнсе “насаліць” сусветнай глабалізацыі”.

Плануецца, што адабраныя журы відэаролікі будуць прэзентаваныя  на опэн-эйр-праглядзе ў цэнтры IBB. Але гэта будзе напрыканцы кінафоруму. Да гэтага часу праект пройдзецца па некаторых мінскіх ВНУ, каб заахвоціць да творчасці як мага больш людзей.

У.М.: “Ў гэтым годзе мы хочам зрабіць прэзентацыю праекту “Киноварка” у творчых ВНУ. Таму што там даволі шмат здымаецца кіно, і ў мінулым годзе студэнты журыліся, што не змаглі паўдзельнічаць у нашым кінафоруме. Таму, Універсітэт Культуры, Акадэмія Навук і Інстытут Сучасных Ведаў будуць ахопленыя намі ў гэтым сэнсе”.

Першы фестываль “Киноварка” тэлестудыя “Карамболь” правяла ўласнымі сіламі. Гэты прынцып захоўваецца і цяпер. Як нам патлумачыў Максімкаў, ён спрабуе прапагандаваць еўрапейскі падыход да творчай самарэалізацыі. Кшталту “трэба шукаць не перашкоды, а магчымасці”.

У.М.: “Па-першае, прынцып самафінансавання быў прадметам спрэчкі з Іванам Пінігіным, а па-другое, мне самому хацелася даказаць, што любую справу можна зрабіць і не плакацца, маўляў, а дзе ж наша дзяржава дарагая, памажыце! Мы самі сабе даказалі, што мы здольныя зрабіць тое, што нам цікава”.

Што тычыцца грандыёзных планаў адправіць пераможцу на Канскі кінафестываль, то гэтае пытанне пакуль што даволі хісткае, але надзея ёсць.

У.М.: “Калі ўсё будзе добра, то, як мінімум, я хачу, каб уладальнік гран-пры праекту “Киноварка-2” адправіўся на Канскі кінафестываль хаця б як госць. Вядома, гаворка пра сапраўдны паказ работы не ідзе, але нейкім чынам паказаць работы-пераможцы, я спадзяюся, у нас атрымаецца”.



Падчас прэс-канферэнцыі Уладзімір Максімкаў знаёміў журналістаў з сябрамі журы. Ужо дакладна вядома, што “кіношную” частку будуць складаць акцёры Анатоль Кот і Ганна Хітрык. Ганна далучылася да сустрэчы па тэлефоне і запэўніла журналістаў, што “Киноварка” – фестываль добры.


Ганна Хітрык па тэлефоне: “Людзі, прывітанне! Мяне клічуць Ганна Хітрык і я хачу вам сказаць, што сёння добрая вясна, добры дзень, добрая “Киноварка”, і я вельмі рада, што мяне запрасілі ў журы гэтага фестывалю”.

Ганна ўжо даўно працуе актрысай і мае вялікі досвед у гэтай прафесіі. Мы не маглі не запытацца, які фільм асабіста яна чакае ад кінафоруму ў гэтым годзе.

Г.Х.: “Я хачу, каб з’явілася кіно для дарослых, але нібыта казка. І каб не хлусня нейкая, не “цягамоціна”! А я хачу, каб гэта было нешта чыстае і простае. Каб дарослыя сталі больш светлымі і задумаліся пра якія-небудзь добрыя рэчы”.



Да таго ж, вашай увазе мы прадстаўляем відэаролік “Ваўкі” (J:MOPC), які стаў пераможцам кінафоруму “Киноварка” у мінулым годзе. Рэжысёр – Макс Сіры.





Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі