Кінапракат — наступная ахвяра валютнага крызісу?
Сталічны кінавідэапракат могуць выключыць з сістэмы сусветных прэм'ер. Пра гэта паведаміў гендырэктар "Кінавідэапракату" Васіль Коктыш.
Прычынай стала дэвальвацыя і адсутнасць замежнай валюты. Цяпер сталічны кінапракат не можа разлічыцца з дыстрыбутарамі фільмаў з Расіі.
Коктыш: "Грошы беларускія ёсць на разліковым рахунку, мы іх не чапаем. Запазычанасць невысокая. Расіяне страцілі з-за дэвальвацыі беларускага рубля каля 7 мільёнаў. Але яны кажуць: мы даруем, хоць дамовы і перагледзелі. Калі розніца курсаў будзе, то ўжо будзе класціся на нас, а не на іх. Запазычанасць на сёння — 14, 2 мільёны расійскіх рублёў. Гэта ў эквіваленце 500 тысяч долараў, або 350 тысяч еўра".
Нагадаем, што з-за адсутнасці валюты пацярпеў ужо канцэрн "Белэнэрга": ён не змог своечасова разлічыцца за расійскую электраэнэргію.