KilFil, ці што можа граць гурт, які не любіць песні Філіпа...

Чарговы беларускі дэсант высадзіўся ў Маскве з мэтай яе скарэння. Да беларусаў на чале з лідарам каманды “Босае сонцаАлесем Катом-Зайцавым далучыліся браты ўкраінцы і расіяне, і атрымаўся гурт KilFil. І, што цікава, большасць песень у рэпертуары каманды — беларускамоўныя.

“Мяркую, што гэта стане нашай візітоўкай, нашай пазнавальнай рысай — беларуская мова, — кажа вакаліст новаспечанага гурта Алесь Кот-Зайцаў. — Спяваць выключна на беларускай нам вельмі б хацелася. Але не ведаю, наколькі ў тых умовах, у якіх мы працуем, гэта будзе выглядаць адэкватным. Мы створаныя выключна на творчых пачатках, мы сабраліся рабіць музыку. А беларуская мова і г.д. — гэта ўжо дадатковыя рысы, якія мы проста хочам, можам і будзем выкарыстоўваць”.


Пакуль KilFil прапануюць беларускаму гледачу сваё першае відэа на песню “Манекен”. Алесь Кот-Зайцаў кажа, што апошнія паўгода музыкі амаль бязвылазна прасядзелі ў студыі, дзе вялі сур’ёзную працу над саўндам і стылем. Сярод напрацаванага матэрыялу дастаткова кампазіцый, якія цалкам адпавядаюць радыйным канонам, але не падобныя на “махровы расійскі рок і штучную папсу”.


“Прыемна, калі атрымліваюцца сапраўды творчыя рэчы, якія ў той жа час адпавядаюць нейкім актуаліям, якія цяпер ёсць у музычнай сферы”, — падсумоўвае Кот-Зайцаў.

Планы ў KilFil самыя сур’ёзныя. Апроч уласна заняцця музыкай, удзельнікі гурта думаюць наконт стварэння цэлай карпарацыі, якая б закранала розныя віды мастацтваў і стала своеасаблівай “альтэрнатывай пластыкавай культуры”. Дарэчы, у хуткім часе каманда парадуе нас наступным відэа — “калядна-навагоднім”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі