“Хто такія беларусы і якая яна, сучасная Беларусь?” Увага! Конкурс!

Конкурс арганізаваны Беларускім саюзам дызайнераў і Беларускім саюзам мастакоў. Ён мае мэтай даведацца, як цяпер выглядаюць беларусы ва ўяўленні мастакоў і іншых творцаў, якія працуюць у галіне візуальнага мастацтва. Куратар праекту Міхал Анемпадыстаў патлумачыў Еўрарадыё, што менавіта праблема самаідэнтыфікацыі беларусаў на сённяшні дзень стаіць асабліва востра:

“Нам цікава, як беларусы выглядаюць менавіта сёння, бо шмат, якія вобразы паўсталі значна раней. Некаторым ужо па сто гадоў! А вось як гэта выглядае сёння? Якія новыя культурніцкія лінкі, коды? Вось як раз гэтыя ідэі і могуць прапанаваць творчыя людзі, якія, безумоўна, павінны быць у рэчышчы беларускай культуры”.

Другая мэта праекту – міжнародная. Арганізатары і ўдзельнікі "Мы-2012" плануюць прадставіць вобраз сучаснай Беларусі усім суседзям. Такім чынам яны спадзяюцца скарэктаваць памылковыя стэрэатыпы пра Беларусь ці пацвердзіць верныя ўяўленні. Але, паколькі замежны глядач менш падрыхтаваны, чым беларускі, то і ўдзельнікі праекту павінны знайсці такую візуальную мову, якая была б зразумелая і людзям іншых культур.

"Тэма самаідэнтыфікацыі вельмі актуальная для Беларусі, таму яна і ўздымаецца рознымі людзьмі, установамі і групамі," —  лічыць спадар Міхал. — Да таго ж, увесь час бракуе візуалізацыі вобразаў – інакш кажучы, карцінкі. Бо карцінка прасцей і больш эфектыўна даходзіць да чалавека, глыбей застаецца ў падсвядомасці, чым слова".


На рэалізацыю праекта арганізатары пакінулі 2 месяцы. Такая мабілізацыя ў некім сэнсе паспрыяе якасці прадстаўленых работ, лічаць арганізатары, і спадзяюцца, што на гэтым праект "Мы" не закончыцца і ў яго абавязкова будзе працяг і наступны этап.

З працаў, якія адбярэ міжнароднае журы, будзе сфармаваная выстава "Мы-2012", якая па чарзе будзе паказаная ў Мінску і Варшаве. Сачыць за праектам можна на старонцы "Мы-2012" у Фэйсбуку.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі