Хто такі абвінавачаны ў тэрарызме Канавалаў?

110914 Rugajn Kanavalau.mp3

Саслужыўцы абвінавачанага ў тэрарызме Дзмітрыя Канавалава пазнаюць яго на запісах з камер мінскага метро, але нічога кепскага пра яго сказаць не могуць. Маці Канавалава не верыць у вінаватасць сына, але нічога не робіць, каб яго абараніць. Еўрарадыё паспрабавала даведацца больш пра асобу "беларускага тэрарыста".


Сяргей служыў у войску разам з Канавалавым. Пасля арміі яны сустракаліся аднойчы ў Віцебску, згадвалі службу.


"Спакойны, адэкватны чалавек быў. Мяне выклікалі ў міліцыю, пракуратуру, КДБ. Я і там тое ж казаў: што нічога кепскага пра яго за паўгода службы не магу сказаць. Толькі са станоўчага боку".


Пасля тэракту саслужыўцы былі вельмі шакаваныя, не маглі паверыць, што гэта мог зрабіць Канавалаў. Некалькі разоў праглядалі відэа з камер метрапалітэна і прыйшлі да адназначнай высновы.


"Калі глядзець на відэа, канешне, магу сказаць, што гэта ён. А так ніколі не ведаеш, што ў чалавека ў галаве і чаго ад яго чакаць. З хлопцамі, з якімі служылі, праглядалі і абмяркоўвалі. Там на відэа няма яго твару, але на некаторых кадрах, напрыклад, на мастку перад выбухам, паводзіны і звычкі канкрэтна яго. Зноў жа ўся вопратка, у чым ён хадзіў. У гэтай сваёй чорнай куртцы з шматлікімі заклёпкамі і замкамі, штаны гэтыя. Што на відэа, што на фотках, я не сумняваюся, што гэта ён", — кажа Сяргей.


Зразумець прычыны такога злачынства не змог і іншы саслужывец Канавалава, але таксама дакладна пазнаў яго на відэа.


"Калі сумку ставіў у метро, паўсюль быў падобны. Ён гэта стаяў. Я пазнаў яго па шмотках і па стойках ягоных. Я не мог чакаць, што ён такое зрабіў. Гэта нерэальна было. Ён быў спакойны заўсёды, ціхі. Калі ён гэта зрабіў, напэўна, людзей ненавідзеў. Больш нічога не можа быць. Ён спакойны быў як мышка! Ды па ім увогуле нічога не скажаш, што ён нешта можа зрабіць".


Калега Канавалава Улад працаваў з ім некалькі месяцаў на заводзе. Кажа, што той быў звычайным хлопцам з раёна. Любіў выпіць, пагуляць. Працаваў шмат, каб зарабіць грошай. На відэа Улад не пазнае Канавалава.


"Наўрад ці ён. На відэа мала падобны. Там больш буйны мужчына, а Дзіма худы. Калі шчыра, інтарэс ў яго — гэта выпіўка, дзяўчаты і сябры. Ён дастаткова гаваркі хлопец. Любіў пагуляць, выпіць, павесяліцца і парасказваць розныя гісторыі. Размаўляў не з усімі, толькі з людзьмі, якія яму былі прыемныя. Размовы ў асноўным ішлі толькі аб гулянках. У прынцыпе, хлопец "з рукамі". Ён зрабіць мог практычна ўсе дэталі на заводзе, якія яму давалі. На працы ён толькі працаваў".


Не заўважылі калегі, каб Канавалаў заставаўся па вечарах рабіць прылады для выбухоўкі.


"Мы як правіла сыходзілі ўсе разам, — працягвае Улад. — Калі ён заставаўся, то з сябрамі гадзіны да шостай. Ён перапрацоўваў, каб больш зарабіць. Я сам гэта бачыў".


Бацькі Дзмітрыя Канавалава надзейна ахоўваюцца. Людзі ў цывільным суправаджаюць іх увесь час. Ходзяць за імі ў краму, на шпацыр з сабакам і на працу. У кватэры на першым паверсе паставілі сігналізацыю, пра што сведчыць чырвоная лямпачка каля дзвярэй. Еўрарадыё спрабавала датэлефанавацца да іх. Бацька Канавалава Генадзь кідае слухаўку. Маці другога абвінавачанага, Улада Кавалёва, удалося перамовіцца з Людмілай Канавалавай у краме.


Тая распавяла, што не атрымала ніводнага ліста ад сына, а ніводнага спаткання ім не дазволілі. Пасылкі маці яму адпраўляе, але не ведае, ці даходзяць яны.


Калі Дзмітрыя арыштавалі, Людміла Канавалава злягла на месяц у бальніцу з сэрцам, а мужа звезлі ў Мінск у СІЗА.


Тым часам бацькі Канавалава паводзяць сябе вельмі дзіўна. Маці кажа, што не верыць у вінаватасць сына, але па дапамогу не звярталася, нават не шукала адваката. А бацька не кантактуе ні з кім, нават жонцы не распавёў ні слова пра тое, што з ім рабілі ў Мінску.


Тым часам на судовым працэсе Дзмітрый Канавалаў прызнаў прад'яўленае яму абвінавачанне. А Улад Кавалёў, які не прызнаў віну, на судзе выказаў сумнеў, што выбух зрабіў Дзмітрый.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі