Канцэрты “Салідарныя з Беларуссю” пройдуць сёлета ў трох польскіх гарадах

120312 Jaszczanka - solidarni.mp3

Звычайна гэтыя буйныя музычныя імпрэзы былі прымеркаваныя да святкаванняў Дня Волі. Гэты год не стане выключэннем. Першы канцэрт адгрыміць 25 сакавіка ў Гданьску. Пра гэта Еўрарадыё паведаміла арганізатар імпрэзы, сябра ініцыятывы Wolna Bialorus Агнешка Арана-Ітуры.

Агнешка Арана-Ітуры: “Безумоўна, сёлета канцэрты адбудуцца, ужо на днях мы пачнём інфармаваць пра іх грамадскасць. У Варшаве музыкі сыграюць 22 красавіка, у Шчэціне — 15-га. А распачнуцца канцэрты “Салідарныя з Беларуссю” ў Дзень Волі, 25 сакавіка, калі беларускія і польскія музыкі выступяць супольна ў Гданьску”.

Пакуль арганізатары не раскрываюць сакрэт, якія гурты з Беларусі выступяць сёлета ў Польшчы. Дакладны лайн-ап будзе вядомы бліжэй да канцэртаў. Але як мінімум адзін добра вядомы беларускі гурт будзе дакладна, кажуць сябры Wolnej Bialorusi.

Агнешка Арана-Ітуры:“Мяркую, што гурты, якія сыграюць сёлета ў польскіх гарадах, вядомыя абсалютнай большасці публікі. Магу толькі сказаць, што адзін гурт грае ўжо шмат гадоў, другі праект крыху маладзейшы, трэці новы, але… Не, не магу я раскрываць усе карты”.

Невядома пакуль і тое, ці варта чакаць у рамках сёлетняй імпрэзы “Салідарныя з Беларуссю” гульняў, флэш-мобаў ды іншых масавых мерапрыемстваў, як гэта было ў мінулыя гады. Напрыклад, летась госці польскай сталіцы і варшавяне ўзялі ўдзел у гарадской гульні, падчас якой можна было “адчуць сябе беларускім апазіцыянерам”. Яны расклейвалі плакаты, патаемна раздавалі ўлёткі, уцякалі ад міліцыі і карысталіся тэлефонамі, якія падслухоўваліся.

Агнешка Арана-Ітуры:Пакуль што мы думаем над тым, ці арганізоўваць паралельна з канцэртамі іншыя імпрэзы. Традыцыйных паказаў фільмаў, прынамсі, сёлета мы не плануем. Хацелася б засяродзіць увагу на якасці самой музычнай часткі. Арганізатары вырашылі больш працы і грошай укласці ў самі канцэрты”.

Пра тое, колькі ж гэтых самых грошай гарадскія ўлады сёлета выдзелілі на канцэрты, арганізатары не кажуць.

Нагадаем, першы канцэрт “Салідарныя з Беларуссю” быў праведзены 12 сакавіка 2006 года ў Варшаве напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў у нашай краіне.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі