Кандыдаты ад улады масава адпачываюць

“У адпачынку. З 23 жніўня па 23 верасня”, — гавораць нам пра кіраўніка аддзела адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Аляксандра Сягодніка ў прыёмнай.

120830 Pilecki Kandydaty.mp3

У такі адказны час — пачатак жа навучальнага году як-ніяк — чалавек адпачывае не з уласнага жадання: у выбарах удзельнічае. Таму мусіць на месяц сысці з пасады. Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына гаворыць, што гэта абавязак усіх дзяржслужачых, акрамя спікера парламента і прэзідэнта.

“Акрамя спікера парламента. Толькі ён адзін, як і прэзідэнт, на час выбарчай кампаніі можа не ісці ў адпачынак”.

Кандыдаты, якія працуюць у дзяржустановах, нават на працы паказвацца не могуць — настолькі суворыя правілы. Аднак сакратаркі ўсё ж агаворваюцца, што калі я патэлефаную праз паўгадзінкі, то мабільны нумар начальніка пачне адказваць — “паседжанне завершыцца”.

Аршанскі Савет дэпутатаў таксама часова без кіраўніка. Старшыня Людміла Дабрыніна балатуецца ў 2-й гарадской акрузе. У апараце гавораць, што прызначылі выканаўцу абавязкаў. Але ён ужо захварэў. Не вытрымаў нагрузкі, хіба.

“Ёсць выканаўца абавязкаў — Зулёў Анатоль Аляксандравіч. Але ж ведаеце, што кіраўнік Савета дэпутатаў — гэта штатная пасада. А намеснік яго працуе на сваім працоўным месцы. Учора Зулёў быў тут, а сёння на бальнічным ужо”.

Пытаюся, ці не складана працаваць без кіраўніка: пасада адказная ўсё ж такі. Але чую, што чыноўнікі спраўляюцца і без Дабрынінай.

“Я як падначалены Людмілы Анатольеўны такіх праблем не ведаю. Прынамсі, зараз не адчуваю. Стараемся вырашаць дастаткова аператыўна”.

Тэлефаную яшчэ ў 3-4 выканкамы і бальніцы, кіраўнікі і галоўныя ўрачы якіх удзельнічаюць у выбарах. Паўсюль чую пра адпачынкі. Да 23-га чысла як мінімум. Ці варта мне шукаць праўладных кандыдатаў на сваіх працоўных месцах пасля выбараў, сакратаркі ў прыёмных гавораць туманна. Маўляў, аб гэтым дакладна пакуль невядома.

Знайшоўся таксама адзін кандыдат, які сумяшчае карыснае з прыемным. Кіраўнік Баранавіцкага райвыканкама Мікалай Язубец балатуецца ў Баранавіцкай сельскай акрузе №7, выбарчы адпачынак ён ператварыў у самы звычайны.

“Будзе 4-га чысла. У адпачынак пайшоў. І выехаў, наколькі ведаю, за межы Беларусі. Турбаваць не зусім зручна”.


Кандыдат Язубец насамрэч можа асабліва не напружвацца падчас кампаніі. У бюлетэнях, акрамя яго, нікога больш не будзе — акруга безальтэрнатыўная.

“Ёсць выканаўца абавязкаў — Зулёў Анатоль Аляксандравіч. Але ж ведаеце, што кіраўнік Савета дэпутатаў — гэта штатная пасада. А намеснік яго працуе на сваім працоўным месцы. Учора Зулёў быў тут, а сёння на бальнічным ужо”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі