Кандрацьеў: “Шчыра кажучы, не бачу, хто мог бы зараз узмацніць зборную”

Еўрарадыё: Эксперты меркавалі, што ў нацыянальнай камандзе будзеце "нагульваць" футбалістаў алімпійскай каманды на Лондан. Але вы запрасілі на першы збор усіх, каго браў Штанге.

 
Георгій Кандрацьеў: У зборнай мусяць гуляць наймацнейшыя. Дарастуць гэтыя да зборнай — будуць і яны гуляць. Так што тут няма ніякай таямніцы ці нечаканасці. Нам жа трэба яшчэ і да Алімпіяды рыхтавацца, гуляць алімпійскай зборнай, будзем і яе паціху "нагульваць". Я іх усіх ведаю, мне не трэба прыглядацца. Штучна не будзем “амалоджваць”. А каго браць з алімпійскай? Драгун? Пасля Алімпіяды гэта будзе гулец зборнай. А яшчэ каго? Не так і шмат іх там, гатовых зараз гуляць за нацыянальную зборную.


Еўрарадыё: А чым у такім разе ваша зборная адрозніваецца ад зборнай Штанге?

 
Георгій Кандрацьеў: Ды пакуль нічым. Гульню будзем будаваць па-іншаму, але пакуль не хочацца разважаць. Паспрабуем крыху ў іншы футбол гуляць.

Еўрарадыё: Але ў зборнай толькі два нападаючыя — Сяргей Карніленка і Віталь Радзівонаў. Гэта на матч з Малдовай!

Георгій Кандрацьеў: Ну, а што зрабіць, няма ў нас нападаючых, бяда. Паглядзіце, прайдзіцеся па клубах — і там бяда. У мінскім “Дынама” няма нападаючых, здаецца, набываюць, і могуць легіянераў узяць. Варанкоў траўмаваны, нават у алімпійскую не выклікалі. Да таго ж, ён без клуба цяпер.

Еўрарадыё: Усё ж у параўнанні з камандай Штанге ў вашай зборнай ёсць навічкі. Рэнан Брэсан. Бразілец, які стаў беларусам, выклікаў супярэчлівыя меркаванні...

  

Георгій Кандрацьеў: Брэсан 5 гадоў жыве ў нас, ён ужо беларус напалову. Ён вывучыў нашу мову, ён ужо па менталітэце беларусам стаў. Чаму такіх не браць?

Еўрарадыё: І каго ён “выцесніць” са складу?
 

Георгій Кандрацьеў: Ён цэнтральны паўабаронца. Можа і на флангу згуляць, але я яго бачу ў цэнтры паўабароны. Каго ён будзе “выцясняць”, я не ведаю. Яму яшчэ таксама трэба месца заваяваць — яму ж ніхто не гарантуе месца ў асноўным складзе. Хай усе яго заваёўваюць.

Еўрарадыё: Ці адмовіўся нехта прыехаць у зборную пасля вашага запрашэння?
 

Георгій Кандрацьеў: Сёння, на жаль, прыйшоў ліст з маскоўскага “Лакаматыва”: на збор не прыедзе Ян Цігараў. Таксама з “Лакаматыва” не прыедзе ў алімпійскую зборную Гамялько. А так больш адмоваў няма.

Еўрарадыё: Чаму Беларусь, на вашу думку, не выйшла на чэмпіянат Еўропы?
 

Георгій Кандрацьеў: Я ж не быў у камандзе. Але збоку мне падалося, што вось гэтыя дзве вырашальныя гульні маглі б хлопцы згуляць з большым азартам, самааддачай. Можа, яны і настройваліся, але я нейкай вялікай самааддачы не заўважыў.

Еўрарадыё: Ці паедзеце самі на Еўра-2012?
 

Георгій Кандрацьеў: Так, мы паедзем паглядзім Іспанію і Францыю — нашых супернікаў.

Еўрарадыё: Штанге шукаў і знаходзіў для зборнай новых футбалістаў — як Віталя Трубілу. Можа, вы таксама ездзіце па краіне, шукаеце новых імёнаў?
 

Георгій Кандрацьеў: Штанге ездзіў, бо яму, пэўна, было цікава, таму што прыехаў у новую краіну. А я тут ведаю ўсіх футбалістаў. Зразумела, мне хацелася б, каб нехта загуляў, з’явіліся новыя імёны. Але, шчыра кажучы, не бачу, хто мог бы зараз узмацніць зборную. Пакуль такіх няма — дай Бог, каб з’явіліся.

Еўрарадыё: Ці ездзілі вы на стажыроўкі да замежных трэнераў? У каго з трэнераў, магчыма, вучыцеся?
 

Георгій Кандрацьеў: Не ездзіў. А так, копія заўсёды горш за арыгінал. Стараюся браць лепшае, што ёсць у еўрапейскім і сусветным футболе. А слепа капіраваць кагосьці я не збіраюся. Трэба браць лепшыя тэндэнцыі сусветнага футбола і спрабаваць прывіць сваёй камандзе на практыцы. А добрых трэнераў шмат: ад Фергюсана да Гвардыёлы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі