Камуністы спяваюць савецкія песні, а ў БХД чытаюць вершы, стоячы на галаве

Як высветлілася, самыя вялікія аматары сустрэч “без гальштукаў” падабраліся ў Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Яны цягам апошніх месяцаў збіраліся на такія сустрэчы ўжо некалькі разоў. Пра гэта Еўрарадыё расказаў старшыня АГП Анатоль Лябедзька.

Анатоль Лябедзька:
“Ёсць у Мінску кавярня, якую мы замаўляем, чалавек на 30-50, і ў гэтым годзе такія нефармальныя сустрэчы ўжо двойчы мелі месца. Людзям спадабалася — і цеснавата ў сценах кавярні стала. Прапановы гучаць, каб выйсці на прыроду. Думаю, бліжэй да лета рэалізуем і гэтую ідэю”.



І хоць капуснікаў, кажа палітык, у звыклым выглядзе яны не праводзяць, але песні на сустрэчах спяваюць і вершы пішуць. Вось і Лябедзьку аднойчы прысвяцілі.

Анатоль Лябедзька:
“Дома стаіць у рамцы ў вершаваным выглядзе прысвячэнне, што калегі падаравалі. Гэта не ода старшыне АГП, а такія сяброўскія пажаданні з элементамі шаржа”.

Праўда, узгадаць хаця б некалькі радкоў адтуль ён не здолеў.

Не адстаюць ад калег, паводле словаў Віктара Карняенкі, і сябры руху “За свабоду!”. Яны таксама перыядычна ладзяць сустрэчы з песнямі, спартовымі спаборніцтвамі і судовымі пасяджэннямі.

Віктар Карняенка:
“Мінулым летам мы ладзілі пікнік для ўсіх сябраў-заснавальнікаў і прыхільнікаў руху “За свабоду!”. Іх было чалавек 400. Было ўсё: і спартовыя спаборніцтвы па валейболе, і гэтак далей. Усё скончылася судовым пасяджэннем, бо мы рабілі гэта без дазволу ўлады. А бывае, і вузкім колам збіраемся. У тым ліку ў мяне дома, у лазні”.



Ды толькі пікнік — адно: там і паспяваць можна, а вось на кухні і ў лазні рухаўцы не толькі не спяваюць, але нават і не жартуюць адзін з аднога.

Віктар Карняенка:
“Нешта не памятаю, каб разам мы спявалі ці адзін над адным жартавалі. Я і сам чалавек вясёлы, люблю гумар, але нешта такога не ўзгадаю. Хутчэй размовы пра нашу гісторыю, пра сітуацыю, пра палітыку. Як канадскія лесарубы!”

Любяць сабрацца за “чаркай кавы” і былыя камуністы з партыі левых “Справядлівы свет”. З гумарам і падколкамі ў іх асяроддзі складана, а вось рэвалюцыйныя песні паспяваць любяць, кажа сябра ЦК партыі Сяргей Вазняк.

Сяргей Вазняк: “На рэвалюцыйныя святы спяваем добрыя савецкія песні, на дзень народзінаў камсамола спяваем камсамольскія песні. Усе спяваем, пачынаючы з Калякіна, бо ў нас вельмі шмат людзей, якія працавалі ў камсамоле савецкім. І дазваляем спяваць, хто як умее. Паводле прынцыпу "паспяваць не ўмею, але люблю".



Ладзяць, згодна са словамі Віталя Рымашэўскага, адмысловыя вечарыны і сябры БХД. Апошняя была пасля Калядаў.

Віталь Рымашэўскі:
“Людзі спявалі, чыталі вершы. У нас ёсць адзін паэт, які прачытаў верш, стоячы на галаве. Досыць доўгі верш. Не ведаю, ці можна назваць гэта капуснікам, але такія вечарыны, калі выкарыстоўваюцца таленты партыйныя, у нас ёсць”.



Аднак і тут з гумарам сітуацыя напружаная. Нягледзячы на тое, што і Павал Севярынец, і Аляксей Шэін пішуць шмат, гумару і сатыры ў іх творчасці фактычна няма. Сам жа Віталь не толькі з юнацтва не піша вершаў, але нават у душы не спявае. Выключэннем з’яўляецца царква. Там, кажа, у пэўных месцах даводзіцца падпяваць.

Самае дзіўнае, што жартаў і сатыры ў адрас калег не чуваць нават падчас нефармальных сустрэч сябраў беларускіх ліберал-дэмакратаў. А там жа ў намесніках Гайдукевіча ходзіць не менш як кіраўнік тэатра “Хрыстафор” Яўген Крыжаноўскі. І пытанне наконт таго, чаму гумарыст да гэтага часу ніводнага разу не пажартаваў з кіраўніка партыі, падштурхнула яго да актыўных дзеянняў.

Яўген Крыжаноўскі: “Гэта я вазьму на ўзбраенне. І калі жарт у мяне атрымаецца, то я скажу, што гэта мне парэкамендавала Еўрапейскае радыё. А калі не атрымаецца, тым больш на вас звалю ўсё! Скажу: гэта Еўрапейскае радыё ўсё падстроіла!”



А вось у офісе кампаніі “Будзьма!” капуснікі адбываюцца штодня. Як сведчыць каардынатар кампаніі Ніна Шыдлоўская, жарты і падколкі там чуваць пастаянна. Не кажучы ўжо пра святочныя застоллі.

Ніна Шыдлоўская: “Жартуем, падбухторваем адзін аднога. Гумар не шкадуе нікога! Ні мяне, ні Алену Макоўскую. Асабліва калі нейкія перадсвяточныя дні. То тут, за агульным сталом, жарцікі бываюць адносна ўсіх. Разам чытаем цікавыя і смешныя рэчы. Вось толькі што вельмі весяліліся, чытаючы вершы Лазавіка ўсім офісам і ўслых, было вельмі добра”.



Праўда, узгадаць жарт, ад якога смяяліся некалькі дзён запар альбо за які аўтару падколкі далі поўху, не здолела.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі