Каму хочуць здаваць кватэры гаспадары жылля за 1300 долараў у месяц?

120731 Savi4_Haty.mp3
Першая ж прыватная аб'ява – «здам кватэру на доўгі час  пасля рамонту”. Кошт кватэры – 400 ўмоўных. У Завадскім раёне! Званю. Але няўдача – кватэру ўжо здалі! Жанчына, што адказвае на тэлефон, заўважае, што можна і за 2.000 умоўных зняць кватэру. У той бок, тое, што прапануюць яны – яшчэ танна! Вядома, танна – у іх толькі “ламінат, шклопакеты і пральная машына”. Адчуваю, што за мікрахвалёўку гаспадары накінулі б яшчэ паўсотні ў месяц.

Бяру па цэнах вышэй!  Наступная кватэра – хлопец, што здае аднапакаёўку за 500 долараў не арыентуецца, якая станцыя мятро побач з яго кватэрай, хаця ў аб’яўцы напісана, што мятро ў некалькіх кроках ад жытла. Гляжу па карце – кватэра ў канцы вуліцы Прытыцкага. Яшчэ колькі кіламетраў  – і мінская кальцавая. Пры гэтым хлопец хоча, каб яму заплацілі папярэднюю плату – у 1,5 тысячы долараў.  Пытаюся, ці не задорага? Хлопец абсалютна спакойны, кажа, што цана “нармальная” і дадае, што ў яго “залаты ўнітаз”. Прапаную здаваць кватэру даражэй, а то мала ці што здарыцца з яго ўнітазам!

Трохпакаёўку ў цэнтры горада на вуліцы Захарава гаспадыня Тамара здае за 1.300 долараў. Падлічваю, што за год за кватэру прыйдзецца аддаць 132 мільены рублёў!

Хаця, калі падлічыць кошт гэтай кватэры за суткі, а гэта 40 долараў, дык за жыллё ў цэнтры яшчэ неблагая цана.

“Цагляны дом, пяты паверх пяціпавярховага дома ў цэнты горада, чыстая, мэбля ёсць, ванная звычайная, бідэ, вышыня столі – 2,75”, - распавядае гаспадыня і заўважае, што “камуналка” не яе праблема:

“Камунальныя будуць сплачваць тыя, што пражывае!”

Мімаходам заўважаю, што буду здымаць не адна – з мужам і дзіцёнкам.

Гаспадыня хвалюецца:

“А колькі дзіцёнку? Пяць, нармальна, а то калі б годзік-два, каб не размалявалі б нам усе”.

Яшчэ колькі званкоў па кватэрах, якія каштуюць да паўтары тысячы долараў – і канчаткова пераконваюся – гаспадары хочуць бачыць адзінокіх, маладых і лепш іншаземцаў.

Двухпакаёўку з еўрадызайнерскім рамонтам – блакітная кухня, зялёная ванная і аранжавыя пакоі – гаспадыня Валянціна здае за 650 долараў плюс камунальныя.

Па словах гаспадыні  – у кватэры ёсць ўсё для пражывання:

“Пральная машына, ламінат, дыван, грыль, тэлевізар, ікебана (!), выхад на балкон,” – рэкламуе гаспадыня.

Перапытваю пра цану – 650 долараў плюс камунальныя?

“Ўсе людзі так здаюць! Як жа вы будзеце жыць і не плаціць за камунальныя?” – гаворыць Валянціна. – У нас жа адна  эліта жыве!”

Цягам гаворкі высвятляецца, што ў кватэры жыў футбаліст БАТЭ.

“23 нумар, не памятаю яго прозвішча – нейкае казачнае”. Пад гэтым нумарам у БАТЭ гуляе  “казачны” Эдгар Аляхновіч.

Але калі гаспадыня чуе пра тое, што знімаць яе кватэру мы будзем з мужам і маленькім дзіцем, яна тут жа дае задні ход.

“Я не бяру з дзецьмі!  – і нават папракае. – Гэта ж лішняя сцірка, сырасць, бытавая тэхніка будзе выкарыстоўвацца часцей! Усе будзеце ламаць!

Намякаю, што я маўляў, буду плаціць немаленькую суму і перапытваю: Дык вы хочаце ўстанавіць парог карыстання тэхнікай? 
Валянціна аднекваецца,  але  адчуваю, ужо яна канчаткова настроена супраць мяне – навошта я з дзіцёнкам?! Але і мне яе кватэра ўжо не патрэбна – буду баяцца ў такой кватэры дыхнуць.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі