Кадравыя агенцтвы: Вопыт самае важнае, адукацыя на другіх ролях

"У сярэднім у добрых менеджараў ў добрыя часы заробкі складалі ад 1,5 да 2 тысяч долараў. Калі гэта буйныя перавозкі, кампаніі, створаныя пад нейкія прадпрыемствы, напрыклад, калійныя ўгнаенні, у іх заробкі да 3-4 тысяч у менеджара па марскіх перавозках", — распавядаюць Еўрарадыё ў кадравым агенцтве "Квадрат".

Завод "Аліварыя" шукае сістэмнага адміністратара, заробак абяцаюць ад 4 мільёнаў. Абавязкі зусім не складаныя: закупка тэхнікі, замена картрыджаў, вядзенне дакументацыі, інвентарызацыі. Веданне кампутарнай тэхнікі… пажаданае.

Вельмі дзіўна, але ў лідары па заробках уваходзяць вакансіі сельскай гаспадаркі, нашай беднай і датацыйнай сельскай гаспадаркі. Але хто ж там шмат зарабляе?

"Кіруючыя пасады вельмі высока аплочваюцца. У іх прыбытак будуецца па розных схемах. Яны атрымоўваюць добрыя датацыі ад дзяржавы. Плюс замежныя гранты на эксперыменты з новымі сельгаскультурамі і угнаеннямі".

Таксама пасля крызісу пачалі выбірацца “ў людзі” спецыялісты інжынернай галіны: інжынеры ў будаўніцтве, канструктары, архітэктары ці вузкаспецыялізаваныя тэхнічныя інжынеры.

Але ўсё адно заробкі ўпалі ва ўсіх.

"Усё паменшылася на ўсіх пазіцыях. У некага на тым жа ўзроўні засталося, у некага трошкі павялічылася, але ў пераразліку на долары усё адно паменшылася ва ўсіх", — распавядае Еўрарадыё кіраўнік кадравага агенцтва "Калекцыя адкрыццяў" Ірына Шаркоўская.

Чалавеку без адукацыі амаль няма на што спадзявацца.

"Досвед — самае важнае, адукацыя на другіх ролях. А ў першую чаргу, што набывае ў чалавеку кампанія, — гэта досвед працы".

Інакш можна спадзявацца толькі на невысокі заробак, нават маючы дзве вышэйшыя адукацыі, распавядаюць Еўрарадыё ў агенцтве "Квадрат".

"На жаль, нашая вышэйшая адукацыя нічога не каштуе. Акрамя таго, людзі атрымоўваюць другую ці трэццю вышэйшую адукацыі. Але пакуль яны не атрымаюць вопыт працы, яны, як правіла, не запатрабаваныя. Без досведу, але з адукацыяй — гэта нулявы спецыяліст, ён каштуе мінімум. Яго доля — гэта праца на дзяржаву ці камерцыйную установу, дзе ён будзе атрымоўваць досвед — тады ён пачне цаніцца, як спецыяліст".

Якое ж выйсце ёсць у маладых спецыялістаў? Адказ просты: трэба паменшыць запыты, гаворыць Ірына Шаркоўская.

"Людзям, якія заканчваюць універсітэт, трэба разумець, што яны каштуюць на рынку працы. І шукаць сабе працу, не зыходзячы з іх адчування ўласнай каштоўнасці — а з таго, што прапануе рынак. Пагаджацца на пазіцыі, якія ім падаюцца зараз ніжэй, чым яны вартыя, але ў перспектыўнай кампаніі. Адразу агаворваць на сумоўі, што мне вельмі цікава развівацца, я бы хацеў працаваць у вашай кампаніі".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі