Крэдыт на жыллё патрабуе заробка ў 5 разоў большага, чым летась (ВІДЭА)

111116 Sverdlov Kredity.mp3

Намеснік старшыні Нацбанка Сяргей Дубкоў выказвае думку, што ў бліжэйшыя 1,5-2 гады лепш устрымацца ад крэдытаў на нерухомасць.

“Няма фундаментальных пасылаў, што прыбыткі насельніцтва будуць расці тымі тэмпамі, як працэнтныя стаўкі і выплаты па крэдытах”, — сказаў спадар Дубкоў.

“Рыэлтары цяпер мусяць сядзець і піць гарэлку шклянкамі, — адгукаецца на гэтую цытату эканаміст Леанід Заіка. — Ніякай перспектывы на бліжэйшыя два гады ў іх няма!”

Бо звычайны чалавек, якому карціць палепшыць свае жыллёвыя ўмовы, не мае на руках грошай на набыццё кватэры. Ён хоча атрымаць іх у крэдыт. Пажадана, пад невысокія адсоткі.

У прэс-службе “Беларусбанка”, які выдаў 90,6% ад усіх крэдытаў на нерухомасць, Еўрарадыё пацвердзілі: апошнім часам пазычаюць на будаўніцтва значна менш, чым раней:

“Людзі лічаць свае грошы. Хто пацягне крэдыт — той бярэ. А хто не пацягне… Бо вы ж бачыце, якія зараз стаўкі. І зараз яшчэ павысіліся…”

Ды і як тут не лічыць: па інфармацыі ад тых жа рыэлтараў, каб “пацягнуць” выплаты па буйных крэдытах, чалавеку сёння трэба атрымліваць у 5 разоў больш, чым на пачатку года!

“Раней для прыцягнення крэдыту на суму ў 60 мільёнаў рублёў (што было эквівалентна 20 тысячам долараў) неабходна было мець прыбытак каля 2 мільёнаў. Зараз для крэдыту на 170 мільёнаў (тыя ж 20 тысяч долараў) месячны прыбытак мусіць складаць больш за 10 мільёнаў рублёў!”

“Тут і расшыфроўваць нічога не трэба, — працягвае Леанід Заіка. — Каб пры стаўцы рэфінансавання ў 40% браць крэдыты, якія, у сваю чаргу, прапануюцца ўжо пад 50% гадавых, трэба спадзявацца на тое, што цягам бліжэйшых 5 гадоў у вас прыбыткі будуць расці на 70-80% за год. А на 70-80% заробак расці не будзе! Высокія працэнтныя стаўкі з’яўляюцца забароннымі”.

Рыэлтары адток крэдытных грошай з жыллёвага рынку ўжо адчулі.

“Кліенты крэдытаў на нерухомасць і не бяруць, — распавядае Еўрарадыё намесніца дырэктара агенцтва нерухомасці “Твая сталіца” Святлана Кудзелка. — Гэтыя выпадкі вельмі рэдкія, бо, вядома, працэнтныя стаўкі, стаўка рэфінансавання — гэта зараз завоблачныя лічбы”.

“Зараз пачынаецца зацішша, скажам так. Верасень і кастрычнік былі яшчэ больш-менш актыўныя: відаць, апошнія свае грошы людзі выкладалі за нерухомасць… Вельмі змяніўся і характар здзелак. Амаль ніхто жыллё не набывае. Людзі толькі вырашаюць нейкія жыллёвыя праблемы: меншыя кватэры мяняюць на большыя, раз’язджаюцца… зараз здзелкі толькі такія”, — дадае намесніца дырэктара агенцтва нерухомасці “Квадратны метр” Ларыса Кулакова.

Аднак адчулі недахоп грошай у людзей і кошты на жыллё. Аднапакаёўку з сучаснай планіроўкай у новым доме ў Мінску ўжо сёння можна купіць за 36-38 тысяч долараў. Кошт квадратнага метра пры гэтым складзе 960 долараў.

“Усе, каму трэба, жыллё ўжо набылі. Таму зараз будуць толькі гуляць на паніжэнне. Сядзець і чакаць, пакуль квадратны метр не дапаўзе да 600-700 долараў”, — прагназуе Леанід Заіка.

Па словах рыэлтараў, пытанне закрыцця перад агенцтвамі нерухомасці пакуль што не стаіць. Але зацягваць паясы давядзецца дакладна.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі